Піраты Карыбаў лаюцца, як беларускія сяляне!

Героі галівудскіх блокбастараў “Праклён “Чорнай пярліны” і “Мерцвякоў куфар” – дзвюх частак з трылогіі “Піраты Карыбаў” – цяпер размаўляюць і па-беларуску. У тытрах фільмаў, пераагучаных з падачы згуртавання “Дзіўноты і памароцтвы”, значацца Лявон Вольскі і Піт Паўлаў, Аляксандр Памідораў і Руся, “Саша” разам з “Сірожам” і яшчэ шмат цікавых персанажаў.
Вольскія агучвалі “Піратаў…” ледзь не ўсёй сям’ёй: ролі атрымалі Лявон, Ганна і маленькая Адэлечка. Капітан Джэк Верабей быццам створаны для лідэра N.R.M.: пад Новы год спадар Вольскі нават граў канцэрты ў прыкідзе манернага пірата. Так што аўтары перакладу шукалі ў раскладзе музыкі вольны час для працы ў студыі даўжэй, чым заняла агучка…

А вось Піт Паўлаў “Піратаў Карыбскага мора” ўвогуле не глядзеў. Ролю лорда Бэкета яму параіў яго сын Ян Вінцэнт.

Піт Паўлаў
: “У дзяцінстве я з захапленнем чытаў усе пірацкія кніжкі. Канешне, для мяне гэта цікавая тэма. Я даволі добра разбіраюся ў марской тэрміналогіі дзякуючы кнігам Жуля Верна, Фінемора Купера – ёсць у яго “Чырвоны карсар” – і, вядома ж, Стывенсана”.

Начытанасць, вядома ж, дапамагла гітарысту N.R.M., але па яго ўласным прызнанні, у словы і настрой свайго персанажа ён “трапляў” толькі з 5-га – 6-га дубля.

Ганне Вольскай для таго, каб агучыць вядзьмарку з другой часткі “Піратаў…”, давялося пачаць размаўляць са спецыфічным акцэнтам.

Ганна Вольская: “Як, ведаеце, размаўляюць амерыканскія беларусы: “Я вельмі ўсЬцешаны…” – неяк так. Мы нават крыху патрэніраваліся, і атрымалася, што ён падыходзіць”.

Кажуць, перакладчыкі “Крымінальнага чтыва” на беларуску ледзь не тры тыдні падбіралі аўтэнтычныя адпаведнікі папулярным амерыканскім словам “b..tch” ды “f..ck” – і ўсё роўна не выдумалі нічога цікавейшага за “с..чка” і “засадзіць ”. Джэнтэльмены ўдачы з Карыбаў, як, дарэчы, і піраты ўсяго астатняга свету, таксама лаюцца, але зусім па-іншаму. Распавядае Алесь Квіткевіч, кіраўнік “Дзіўнотаў і памароцтваў”:

Алесь Квіткевіч: “Нашая лаянка больш аўтэнтычная, не вынайдзеная наўмысна. Я ў якасці прыкладу зараз зачытаю вытрымкі са сцэнару:

Агідны недарэка, брыдоціна!

Перуновы стрэл мне ў дупу!

Каб табе ліха, паскуда, і трасца ў бок, смоўж недачапалы!

Лайдак прыдурнены, што ў тваёй доўбні боўдзіла?!

Хай цябе чэрці абсмаляць да вантробаў, валацуга гаротны!

Прывесці да мяне гэтага бэйбуса!

А ну маўчаць, бурдзюк наброханы!

Далей былі і больш жорсткія пасажы”
.

Калі піраты Карыбаў лаюцца, у іх гаворцы не адчуваецца змушанай злоснасці. Яны, як беларускія сяляне, не маюць наўвеце нічога дрэннага і не хочуць нікога пакрыўдзіць.

Аляксандр Памідораў, чыім голасам ужо размаўляюць па-беларуску Шрэк і Джулс, кілер з “Крымінальнага чытва”, планаваўся на ролю капітана Барбосы. Але падчас працы над фільмам яго “перакінулі” на супрацьлеглы бок пірацкага фронту – у выніку ён агучыў боцмана з карабля Джэка Вераб’я. Роля Барбосы дасталася памяркоўнаму блюзмэну Андрэю Плясанаву.

Аляксандр Памідораў: “Гэта пачатак вельмі вялікай і сур’ёзнай працы. Калі зменіцца сітуацыя, будзем дубляваць не проста нейкія фільмы – ўсе фільмы давядзецца перакладаць на беларускую мову”.

“Дзіўноты й памароцтвы” паўсталі з супадзення: студэнт мінскага лінгвістычнага універсітэту Алесь Квіткевіч скончыў пераклад кнігі “Хронікі Нарніі”, а Галівуд якраз выдаў фільм з такой самай назвай. Неўзабаве Алесь сабраў каманду з сяброў, якія цямілі ў працы з гукавой апаратурай, і засеў за пераклады.

Алесь Квіткевіч
: “Мы выбралі добрае сямейнае кіно, агучылі, і такім чынам атрымаліся першыя два фільмы “Піратаў”. А неўзабаве будзе ўжо і трэці фільм”.

З трэцімі “Піратамі Карыбаў” хлопцы вырашылі не спяшацца і выпусціць беларускую агучку ўсё ж пасля сусветнай прэм’еры.

Алесь Квіткевіч
: “Згуртаванне DJP – “Дзіўноты і памароцтвы” – мае быць даволі трывалым. Ужо дакладна ў нас будуць “Чорная котка, белы кот” Эміра Кустурыцы, “Перакладчыца” з Ніколь Кідман і Шонам Пэнам, а таксама вядомы мульцік “Тачки”. Праўда, у нашым варыянце ён будзе называцца “Самаходзікі”.

Паліграфія для DVD з фільмамі ўжо гатовая. Неўзабаве “Праклён “Чорнай пярліны” з’явіцца ў продажы. Чым не нагода пераглядзець яго яшчэ раз?