Перамовы “Белтрансгазу” з “Газпромам” працягнуцца 24 ліпеня

Перамовы беларускай дэлегацыі па рэструктурызацыі доўгу за пастаўлены газ у "Газпроме" яшчэ не завершаны. Як паведамілі ў прэс-службе расійскай кампаніі, "перамовы праходзяць у канструктыўным ключы і вядуцца дагэтуль". 23 ліпеня для ўрэгулявання праблемы ў Маскву прыбыў міністр энергетыкі Беларусі Аляксандр Азярэц. У "Газпроме" паведамілі, што "перамовы з намеснікам старшыні праўлення Валерыем Голубевым доўжыліся на працягу дня".

Як паведамлялася раней, напрыканцы мінулага тыдня беларуская дэлегацыя ў складзе былога генеральнага дырэктара "Белтрансгазу" Дзмітрыя Казакова (сёння ўказам прэзідэнта генеральным дырэктарам "Белтрансгазу" прызначаны Уладзімір Маёраў), намесніка Вінерыя Валчугі, а таксама начальніка аддзела эканамічнага аналізу, прагнозу і распрацоўкі эканамічных норм Юрыя Ляшэнкі вылецела ў Маскву для абмеркавання сітуацыі, звязанай з аплатай за пастаўлены ў Беларусь газ.

Нагадаем, 4 чэрвеня "Газпром" у адпаведнасці з дагаворам выплаціў кошт 12,5% акцый "Белтрансгазу" — 625 мільёнаў долараў. Планавалася, што грошы вернуцца расійскай кампаніі ў якасці аплаты за пастаўленую ў Беларусь сыравіну.

Але сродкі не былі пералічаны. У першым паўгоддзі 2007 года Беларусь па дамоўленасці з Расіяй аплачвала 55% кантрактнай цаны газу і толькі з 1 ліпеня перайшла на поўную аплату — 100 долараў за 1 тысячу кубічных метраў. Нягледзячы на гэта, доўг перад "Газпромам" за пастаўлены газ дасягнуў 500 мільёнаў долараў.

У прэс-службе "Газпрома" выказалі меркаванне, што перамовы будуць доўжыцца 24 ліпеня.

БелаПАН