Павааабаронцы нагадаюць еўрапейскім чыноўнікам пра беларускіх палітвязняў

Група беларускіх праваабаронцаў перадала заяву ў арганізацыю "Міжнародная амністыя" з просьбай прызнаць вязнямі сумлення ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзіміра Асіпенку і актывіста маладзёжнага руху Арцёма Дубскага.  Сярод тых, хто падпісаўся пад дакументам — Аляксандр Казулін, Артур Фінькевіч, Зміцер Дашкевіч, Людміла Гразнова, Алег Воўчак.

Вось што кажа Алег Воўчак пра мэты заявы:

"Некаторыя еўрапейскія чыноўнікі не ведаюць, што адбываецца тут, у Беларусі. І мы вырашылі паведаміць ім пра гэты пераслед і зняволенне ў турму. І, як не дзіўна, Аўтуховіч, Лявонаў і Дубскі раней ужо былі прызнаныя палітзняволенымі".

Паводле слоў Алега Воўчака, заява ў "Міжнародную амністыю" мае на мэце не толькі інфармаванне міжнароднай супольнасці пра рэпрэсіі ў Беларусі, але і падтрымку палітвязняў, якія ўжо доўгі час знаходзяцца за кратамі.

Дарэчы, на 2006 год беларускія правабаронцы прызнавалі вязнямі сумлення больш за 50 чалавек. Колькі іх налічваецца цяпер, дакладна невядома.