Пашырыўся спіс беларускіх чыноўнікаў, якія патрапілі пад санкцыі ЗША

Дзярждэпартамент ЗША абмежаваў выдачу візаў для новых катэгорый беларускіх чыноўнікаў, а таксама членаў іх сем’яў. У спіс патрапілі афіцэры КДБ, МУС з званні вышэй за падпалкоўніка, супрацоўнікі ідэалагічных аддзелаў, члены выбарчых камісій, інфармуе сайт nn.by..

Амбасада ЗША ў нашай краіне паведамляе, што абнаўленне распараджэння Дзярждэпартамента выклікана чарговым пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі, якое назіраецца ў апошнія тыдні.


ДАВЕДКА “Еўрарадыё”:

Катэгорыі асобаў, чые звароты па амерыканскія візы аўтаматычна становяцца аб’ектам спецыяльнага разгляду:

— чыноўнікі ўзроўню намеснікаў міністраў і вышэй альбо прыроўненыя да іх;

— генеральны пракурор і яго намеснікі;

— афіцэры МУС у званні вышэй за падпалкоўніка;

— афіцэры КДБ у званні вышэй за падпалкоўніка;

— супрацоўнікі ідэалагічных аддзелаў Мінскага гарадскога і абласных выканкамаў;

— кіраўнік і намеснікі кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта;

— члены Цэнтральнай выбарчай камісіі;

— старшыні абласных выбарчых камісіяў;

— старшыні абласных і раённых судоў;

— старшыні Канстытуцыйнага суду;

— дырэктары і намеснікі дырэктараў дзяржаўных прадпрыемстваў;

— сужэнцы вышэйпералічаных асобаў.