Пашкевіч перадаў петыцыю Радзькову, але патрапіў у міліцыю (фота+відэа)

Падчас флэшмоба ў цэнтры Мінска міліцыянты зноў перашкаджалі працаваць журналістам. Сёння актывісты кампаніі “Гавары праўду!” ладзілі флэшмоб, прысвечаны Міжнароднаму дню моладзі. Мыладыя людзі, якія прыйшла на акцыю, планавалі перадаць міністру Аляксандру Радзькову петыцыю з заклікам ліквідаваць Упраўленне па справах моладзі пры Мінадукацыі. Пра гэта перад пачаткам акцыі заявіў актывіст кампаніі Міхась Пашкевіч.

Міхась Пашкевіч: “На наш погляд, і мы гэта абгрунтавалі, гэтае Ўпраўленне за апошнія пяць гадоў не спраўляецца са сваёй функцыяй. Хутчэй БРСМ можна зараз назваць Міністэрствам па справах моладзі, а Ўпраўленне пры Мінадукацыі проста бяздзейнічае. Пра гэта сведчыць бюджэт. І ўсё гэта распісана ў дакументах, якія мы сёння перададзім. А тут ёсць і бюджэтныя складнікі, і аналітыка”.



Таксама актывісты планавалі паказаць журналістам і мінакам “Каляндар жыцця беларускай моладзі”. Але гэта ў іх не атрымалася. Яшчэ да пачатку акцыі да актывістаў кампаніі, што стаялі непадалёк ад міністэрства, падыходзілі хлопцы з рацыямі ў цывільным і цікавіліся тым, што яны тут робяць. Нікога не затрымаўшы, яны правялі перамовы па рацыі і як толькі Пашкевіч скончыў свой спіч, да яго падышлі людзі ў цывільным, адабралі “Каляндар” ды іншыя плакаты і закінулі сабе ў машыну.

Журналістам, якія спрабавалі здымаць усё, што адбываецца, закрывалі камеры рукамі і патрабавалі спыніць фота- і відэаздымкі.



Актывісты кампаніі ўсё ж здолелі прайсці ў будынак Міністэрства адукацыі, дзе іх ужо чакаў чалавек, які прадставіўся памочнікам міністра. Ён прыняў у Пашкевіча петыцыю да Радзькова і паабяцаў перадаць кіраўніку.

На гэтым акцыя і скончылася. На пытанне карэспандэнта Еўрарадыё, чаго актывісты чакаюць ад акцыі, Пашкевіч прызнаўся, што спадзяецца на ўвагу міністра да прапаноў грамадскасці.

Міхась Пашкевіч: “Паглядзім. Насамрэч, нашая прапанова зусім не апазіцыйная па сваім змесце. Яна заклікае наш урад і Мінадукацыі быць больш ашчаднымі, не марнаваць сродкі на Ўпраўленне па справах моладзі, якое нават не мае нармальнага штата па краіне і месціцца пад дахам БРСМ. Але хоча, каб было створана Міністэрства па справах моладзі”.

Акцыя скончылася даволі хутка і ўсе разышліся. Але дачакаўшыся, пакуль Міхась Пашкевіч застанецца адзін, яго падхапілі пад рукі двое ў цывільным і хутка павялі да машыны, прыпаркаванай за гатэлем “Мінск”. Журналістам, якія паспрабавалі пайсці следам, зрабіць гэтага не далі.




Як стала вядома Еўрарадыё бліжэй да 21 гадзіны, затрыманага пасля флэшмоба каля Міністэрства адукацыі актывіста кампаніі “Гавары праўду!” Міхася Пашкевіча спачатку завезлі ў РУУС Маскоўскага раёна, а потым у суд таго ж раёна. Дзе прысудзілі штраф у памеры 1 мільёна 400 тысяч рублёў. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар кампаніі “Гавары праўду!” Юля Рымашэўская.

Юля Рымашэўская: “Пасля таго, як завезлі Міхася Пашкевіча ў РУУС Маскоўскага раёна, яго,бліжэй да 18 гадзіны, ня гледзячы на традыцыйнае заканчэнне працоўнага дня, адвезлі ў суд Маскоўскага раёна. Адбылося пасяджэння суда, дзе яму прад’явілі абвінавачанне – арганізацыя несанкцыянаванага сходу. Вынікам суда стаў штраф у памеры 40 базавых велічынь”.

Сам  Пашкевіч адмаўляўся прызнаваць сябе вінаватым менавіта ў арганізацыі акцыі. Але спробы давесці, што ён быў шараговым удзельнікам, на суд не паўплывалі.


Фота і відэа Змітра Лукашука