ПАСЕ нагадае Беларусі пра мараторый на смяротнае пакаранне

На вясновай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы будуць абмяркоўвацца два выпадкі смяротнай кары ў Беларусі. Пра гэта заявіў старшыня ПАСЕ Меўлют Чавушаглу. Па яго словах, якія пераказвае ІТАР-ТАСС, еўрапейскія парламентары неаднаразова выказвалі сваё расчараванне тым, што падобная практыка працягваецца ў краіне вось ужо 15 гадоў. "У Савета Еўропы ёсць маральныя абавязанні перад беларускім народам", - адзначыў Чавушаглу.

Нагадаем, у сярэдзіне сакавіка з'явіліся звесткі, што двое грамадзян Беларусі былі пакараныя смерцю. У 2009 годзе ім вынеслі смяротныя прысуды за розныя злачынствы.

Дарэчы, з 2006 года Беларусь стала адзінай еўрапейскай краінай, якая прыводзіла ў выкананне смяротныя прысуды.