Парушэнняў падчас затрымання расійскага кіроўцы ДАІ не знайшло

У выніку службовай праверкі ДАІ прыйшло да высновы, што дзеянні інспектараў падчас затрымання грамадзяніна Расіі Сяргея Астроўскага былі вернымі, – аштрафавалі і асудзілі яго ў адпаведнасці з парушэннямі. Сам пацярпелы з гэтым не згодны і збіраецца давесці справу да суду. Нагадаем, што Сяргея Астроўскага супрацоўнікі мінскага ДАІ спынілі ў цэнтры Мінска за перавышэнне хуткасці 13 сакавіка. Па яго словах, ДАІшнікі запалохвалі яго расказамі аб тых непрыемнасцях, якія ён будзе мець як грамадзянін Расіі, калі ў яго забяруць правы кіроўцы. І такім чынам нібыта вымагалі ў яго хабар. Калі хлопец не толькі не пагадзіўся з абвінавачваннямі ў парушэнні Правілаў дарожнага руху, але і паабяцаў адзначыць у пратаколе факт патрабавання хабару, інспектары яго збілі. Потым расійскі кіроўца патрапіў у беларускае СІЗА і суд, які прызначыў яму штраф за лаянку ў грамадскім месцы. А ДАІ аштрафавала за перавышэнне хуткасці. Агульная сума штрафу склала 455 тысяч рублёў.

Як паведаміў Еўрарадыё начальнік рэспубліканскага ДПС Юрый Літвін, праведзеная службовая праверка не знайшла ў дзеяннях інспектараў ніякіх парушэнняў.

Юрый Літвін: “Там няма падстаў для таго, каб распачынаць нейкую справу. Там абсалютна стандартная сітуацыя – ён вёў сябе неадэкватна і ўсё. Адарваў кішэню нашаму супрацоўніку… Гэта ж усё зафіксавана. Прычым, не са слоў нашых супрацоўнікаў, а са слоў пабочных сведкаў. Таму, што давялося іх прыцягнуць, каб потым апраўдвацца было лягчэй”.

Па яго словах, не пацвердзіліся і абвінавачванні кіроўцам ДАІшнікаў у ягоным збіцці. Кажа, калі б гэта мелася, то ніхто б не пазбег пакарання.

Юрый Літвін: “Калі б нашы супрацоўнікі былі ў нечым вінаватыя, яны б панеслі заслужанае пакаранне. Гэта адназначна. У дадзеным выпадку ўсё было зусім інакш, чым ён выклаў у сваіх успамінах”.

Таму начальнік рэспубліканскага ДПС абсалютна спакойна ставіцца да пагрозы грамадзяніна Расіі падаць у суд на ўсё беларускае ДАІ. І, як стала вядома Еўрарадыё, пацярпелы, якім сябе лічыць Сяргей Астроўскі, не адмовіўся ад свайго намеру.

Сяргей Астроўскі: “Сёння я накіраваў афіцыйную заяву ў Міністэрства замежных спраў Расіі, у консульства Расіі ў Беларусі і ў пракуратуру Расіі. Акрамя таго, УСБ таксама праводзіла разбіральніцтва з гэтай нагоды і яго вынікі таксама накіраваныя ў пракуратуру. Далей усё будзе адбывацца на іншым узроўні – міждзяржаўным і на ўзроўні пракуратур”.

Па словах расійскага кіроўцы, справа абавязкова завершыцца судовым разбіральніцтвам. Прычым, не толькі з беларускім ДАІ, але і з суддзёй суду Цэнтральнага раёну Мінска Таццянай Паўлючук. Менавіта яна прысудзіла Сяргею Астроўскаму штраф за лаянку.

Сяргей Астроўскі: “Усё гэта абавязкова завершыцца судовым разбіральніцтвам. Прычым, іх будзе два – і з суддзёй, якая мяне асудзіла за лаянку, і з ДАІ Рэспублікі Беларусь”.

Еўрарадыё пацікавілася ў расіяніна, ці не пабаіцца ён з’явіцца на дорогах Мінску калі суд запатрабуе ягогай прысутнасці ў зале паседжанняў. Але хлопец кажа, што адвакат упэўніла яго ў неабавязковай прысутнасці на судовым разбіральніцтве. Таму, кажа, лішні раз наведваць Беларусь ён не збіраецца.