Парашэнка: Украіна павінна рыхтавацца да пастаяннай знешняй агрэсіі

У часе параду прэзідэнт Пятро Парашэнка зрабіў шэраг заяваў. У прыватнасці, ён заявіў, што ўкраінцы павінны рыхтавацца да жыцця ва ўмовах пастаяннай знешняй агрэсіі.

"Над бліжэйшымі гістарычнымі перспектывамі Украіны заўсёды будзе ваенная пагроза. І з гэтым не толькі трэба навучыцца жыць — да абароны незалежнасці нашай дзяржавы трэба ўвесь час быць гатовым”, — адзначыў прэзідэнт.

Паводле яго словаў, да канца году будуць выдзеленыя мільярды грыўняў на абнаўленне ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі. “Перад вамі з Хрэшчаціка проста ў зону антытэрарыстычнай аперацыі пройдзе калона новай, толькі што закупленай або толькі што выпушчанай, або толькі што адрамантаванай тэхнікі”, — сказаў прэзідэнт Парашэнка.

Ён дадаў, што згодна з планам, на 2015-2017 гады на пераўзбраенне і абнаўленне ваеннай тэхнікі будзе выдзелена болей за 40 мільярдаў грыўняў.

Апроч таго, з трыбуны на Майдане Незалежнасці Пятро Парашэнка заявіў, што “падзеі апошніх месяцаў сталі сапраўднай вайной. Магчыма, яна ўвойдзе ў гісторыю, як Айчынная вайна 2014 года. Айчыннай яна стала таму, што на абарону Айчыны ўзняліся ўсе — ад малога да старога, стала ўсенародным рухам, справай усіх і кожнага”, — сказаў ён.

Таксама Парашэнка паведаміў, што адменіць святкаванне дня абаронцы Айчыны 23 лютага. “Я падкрэсліваю — Украіна болей не будзе адзначаць гэтае свята па ваенна-гістарычным календары суседняй дзяржавы. Мы будзем шанаваць абаронцаў сваёй Радзімы, а не чужой”, — цытуе Пятра Парашэнку УНІАН.

Фота: REUTERS