Някляева не пусцяць на Ўсебеларускі народны сход

Такое рашэнне прынятае на паседжанні аргкамітэта адміністрацыі Ленінскага раёна Мінску па падрыхтоўцы і правядзенні чацвёртага Ўсебеларускага народнага сходу.
На ім вырашалася пытанне па вылучэнні ўпаўнаважаных на раённы сход, які мусіць адбыцца 4 лістапада. У Ленінскім раёне на вылучэнне на гэты сход прэтэндавала 9 кандыдатаў. Сярод іх быў і патэнцыйны кадыдат у прэзідэнты Ўладзімір Някляеў.

Як паведаміла ў гутарцы з Еўрарадыё праваабаронца Раіса Міхайлоўская, Някляеву адмовілі ў рэгістрацыі ад Ленінскага раёну. Прычынай сталася нібыта недастатковая колькасць людзей на сходзе, які вылучаў паэта-палітыка:

Міхайлоўская: "Як нам паведаміў начальнік аддзелу арганізацыйна–кадравай працы Павел Піскуноў, у рэгістрацыі ўпаўнаважаных адмоўлена ў выніку адсутнасці кворуму на сходзе".

Нагадаем, Някляеў ужо заяўляў, што не будзе прарывацца на Ўсебеларускі сход сілай, як гэта спрабаваў зрабіць у 2006 годзе Аляксандр Казулін.