Новы закон аб адвакатуры: самы адыёзны момант прыбралі, астатняе засталося

Фота: Еўрарадыё
Фота: Еўрарадыё

Палата прадстаўнікоў унесла змены ў закон аб адвакацкай дзейнасці. Закон дапоўнены "прысягай адваката", артыкулам аб стварэнні Фонду развіцця адвакатуры і некаторымі тэхнічнымі выпраўленнямі. Але галоўнага — самастойнасці — беларускія адвакаты так і не атрымалі.

"Ва ўмовах, калі 95% грамадзян не давяраюць судовай сістэме, адвакатура павінна стаць адным з інструментаў, якія забяспечваюць незалежнасць гэтай сістэмы, яе непрадузятасць і справядлівасць. Для гэтага адвакаты павінны мець больш правоў і быць абароненымі ад любога ўмяшання ў сваю дзейнасць з боку выканаўчай улады. Аднак гэта не знайшло адлюстравання ў законапраекце", — напісала пасля галасавання ў Палаце прадстаўнікоў дэпутат Ганна Канапацкая.

У чым праяўляецца залежнасць адваката ад выканаўчай улады, ці можа "залежны" адвакат сумленна абараняць кліента? І, нарэшце, чаму паслугі беларускіх адвакатаў такія дарагія? Размаўляем пра гэта са старшынёй юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйлам, які ў 1990-я распрацоўваў першы беларускі закон аб адвакатуры.

У чым праблема?

Каб юрыст мог працаваць адвакатам, ён павінен адпавядаць двум умовам. Па-першае, уступіць у калегію адвакатаў, а па-другое, атрымаць ліцэнзію Міністэрства юстыцыі.

"Само па сабе ліцэнзаванне ў гэтых умовах не патрэбнае, — заўважае Гары Паганяйла. — Ёсць жа кваліфікацыйны экзамен для адвакатаў. Да таго ж, у Беларусі ўвесь час кажуць аб скарачэнні ліцэнзуемых відаў дзейнасці. Але ў абноўленым законе гэты стан спраў захоўваецца. Чаму? Карыстаючыся сваім становішчам, Мінюст можа адхіліць любога адваката ад прафесіі. І мы бачылі такія прыклады, калі адвакаты праяўлялі прынцыповасць, абараняючы кліентаў у палітычных справах".

Новый закон об адвокатуре: самый одиозный момент убран, остальное осталось
Фота: Еўрарадыё

Адвакат можа вельмі па-рознаму паводзіць сябе ў судзе. Ён можа сядзець моўчкі, а можа актыўна абараняць свайго кліента — і, нават калі не атрымаецца паўплываць на прысуд, прадэманстраваць усім, хто сочыць за працэсам, бяздоказнасць і абсурднасць абвінавачванняў (у выпадку, калі яны сапраўды такія). Але яршыстасць можа дорага каштаваць.

"Ва ўсім свеце адвакат — публічная, незалежная фігура. Ён непадкантрольны органам улады, і тым больш — следству і суду. Так, ён павінен выконваць закон і правілы прафесійнай этыкі. Але пры гэтым ён павінен быць вольны ў выбары законных метадаў абароны. Ён мае права крытыкаваць следства і суд, калі яны парушаюць правы яго кліента. і тут мы сустракаемся з ціскам на адвакатаў, з ганеннямі — аж да пазбаўлення адвакацкай ліцэнзіі", — рэзюмуе Гары Паганяйла.

Чаго дамагаліся праваабаронцы?

Беларускі хельсінкскі камітэт ўнёс у Палату прадстаўнікоў пакет прапановаў, накіраваных на памяншэнне ўплыву Мінюста на адвакатаў. У парламенце прайшоў круглы стол. Дэпутаты практычна цалкам праігнаравалі прапановы праваабаронцаў. Адзінае сур'ёзнае змяненне — Міністэрства юстыцыі пазбавілася права прапаноўваць калегіям адвакатаў кандыдатуры на пасаду старшыняў.

"Раней міністр мог прапанаваць сваю крэатуру. Гэта, відавочна, было празмерным ціскам на адвакатуру, калі адвакат нават свайго кіраўніка не мог самастойна выбраць. Старшыня калегіі прапаноўваўся міністрам юстыцыі! І па яго ж прадстаўленні мог быць адкліканы з пасады, адхілены ад сваёй дзейнасці, падвергнуты дысцыплінарнаму пераследу. Вось гэты — найбольш адыёзны момант — прыбраны. Усё астатняе засталося", — каментуе Гары Паганяйла.

На думку юрыста, сітуацыя з адвакацкім самакіраваннем пагоршылася з-за таго, што Рэспубліканская калегія адвакатаў атрымала дадатковыя паўнамоцтвы, "перахопленыя" ў Мінюста.

Чаму беларускія адвакаты такія дарагія?

Сярэдні заробак у Беларусі — 776 рублёў, а стаўка адваката можа быць і 100 рублёў у дзень. Для многіх гэта непад'ёмная грошы. Чаму так дорага і хто наогул вырашае, колькі каштуюць паслугі адваката?

"Калі разлічваць на сярэдняга кліента — пракарміць адваката вельмі складана. Але адвакаты не вінаватыя ў тым, што кліенты не могуць плаціць ім тыя ганарары, на якія яны маглі б разлічваць. А дзейнасць гэтая не паточная, а адзінкавая. Сёння ёсць кліент — заўтра няма кліента, а карміць дзяцей трэба кожны дзень, — тлумачыць Гары Паганяйла. — Я так заўсёды кажу: бедны народ — бедная адвакатура. У параўнанні з заходнімі калегамі нашы адвакаты рэальна бедныя. Нават у параўнанні з украінскімі адвакатамі. Дарэчы, за савецкім часам аплата працы адваката была рознай па розных відах паслуг, і былі рамкі — мінімум і максімум. А сёння з улікам свабоды дамовы адзін бок — адвакат — заломвае стаўкі, а другі — кліент — часта знаходзіцца ў сітуацыі, калі гандаль недарэчны, трэба зняць з сябе апошнюю кашулю, але дапамагчы роднаму чалавеку".

Па словах юрыста, у Беларусі ёсць канкурэнцыя сярод адвакатаў. Ёсць вядомыя спецыялісты высокага ўзроўню, якія дамагаліся вынікаў у судах. Але парадокс у тым, што іх паслугі могуць каштаваць столькі ж, колькі і праца "шэрых мышак".