На матч БАТЭ-ПСЖ прадалі толькі 4 тысячы квіткоў
У дзень гульні сіноптыкі абяцаюць да -15 і моцны вецер, таму парыжане просяць перанесці матч. Але ва УЕФА рашэння пакуль не прынялі.
На матч БАТЭ — ПСЖ 1/16 Лігі Еўропы, які пройдзе 17 лютага на мінскім стадыёне “Дынама”, прадалі толькі 4 тысячы квіткоў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў супрацоўнік прэс-службы барысаўскай каманды Андрэй Вашкевіч. Яшчэ каля паўтары тысячы квіткоў забраніраваныя для французскіх фанатаў, але колькі прыхільнікаў ПСЖ прыедзе ў Мінск, пакуль невядома.
Невялікая колькасць жадаючых трапіць на гістарычны матч можа тлумачыцца надвор’ем. На 17 лютага сіноптыкі абяцаюць да 15 градусаў марозу і моцны вецер!
“Будзе дзьмуць халодны ўсходні вецер. На жаль, нічога надзейнага паведаміць не можам. У чацвер прагназуецца без ападкаў і тэмпература паветра 10-15 градусаў марозу, а ўвечары яшчэ халадней. Можа быць 13-15 градусаў марозу”, — напужала Еўрарадыё галоўны сіноптык Гідраметэацэнтра Вольга Фядотава.Будзе дзьмуць халодны ўсходні вецер. На жаль, нічога надзейнага
паведаміць не можам. У чацвер прагназуецца без ападкаў і тэмпература
паветра 10-15 градусаў марозу, а ўвечары яшчэ халадней. Можа быць 13-15
градусаў марозу
Сцюжа пужае не толькі заўзятараў, але і французскіх футбалістаў. Парыжскі клуб звярнуўся ва УЕФА з просьбай перанесці гульню з вечара на дзень: на 12 ці 14 гадзінаў. Ва УЕФА Еўрарадыё распавялі, што канчатковае рашэнне — за адмысловай дэлегацыяй.
“На сёння нельга сказаць, ці перанясуць матч. На кожным матчы УЕФА прысутнічае наш дэлегат, які вырашае, ці варта ўносіць змены, пераносіць матч”, – адзначыў прадстаўнік жэнеўскага офіса УЕФА.
У БАТЭ кажуць, што пакуль матч пераносіць не збіраюцца, аднак не выключаюць і іншага развіцця падзеяў.
“На дадзены момант сітуацыя развіваецца так, што гульня пройдзе, нічога новага. Магчыма, цягам дня нешта зменіцца, пакуль што так, як ёсць”, — патлумачыў прэс-сакратар барысаўчан Сяргей Дашкевіч.
Дарэчы, стадыён “Дынама” да пераносу матчу гатовы.
“Вырашаць, а якой гадзіне пройдзе матч, будзе УЕФА, а не мы. Нам усё адно, калі будзе гульня — а 20 00 ці а 14 00, — запэўнівае дырэктар стадыёна Уладзімір Вільчынскі. — Усё адно да 17 лютага стадыён мусіць быць гатовы. Трыбуны ўжо чыстыя. Цяпер прыводзім у парадак поле: яго крыху занесла. Рыхтуемся”.
Адзначым, што барысаўчанам не ў навінку гуляць на моцным марозе. 2 снежня ў Мінску футбалісты БАТЭ выйшлі на поле супраць кіеўскага “Дынама”, калі слупкі тэрмометраў дасягалі адзнакі ў -15! На жаль, тады нашы капітулявалі 1:4.