На Харкаўшчыне згортваюць лагер, дзе меркавалі прыняць канвой з Расіі

Гуманітарны груз з Расійскай Федэрацыі не будзе перасякаць мяжу ў Харкаўскай вобласці. Пра гэта паведамляе УНІАН са спасылкай на інфармаваную крыніцу ў праваахоўных органах.

Каля прапускнога пункта Пляцёнаўка ў Харкаўскай вобласці, дзе чакалі на мяжы калону аўтамабіляў з гуманітарным грузам, згортваюць лагер і склад, дзе планавалася прыняць груз. Памежнікі і праваахоўнікі знялі ачапленне перад прапускным пунктам.

Паводле неправеранай інфармацыі, "калона аўтамабіляў можа быць накіраваная праз адзін з прапускных пунктаў у Луганскай вобласці. Не выключана, што гэта будзе Ізварын".

Перад гэтым міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў заявіў, што расійскую калону не прапусцяць праз Харкаўскую вобласць.

Фота — Reuters