На беларуска-расійскай мяжы затрымалі 160 украінцаў
Зроблена гэта было расіянамі за два дні. Пра гэта паведамляе Міністэрства замежных спраў Украіны.
На беларуска-расійскай мяжы за два дні (11 і 12 ліпеня) затрымалі 160 украінцаў. Зрабілі гэта расійскія памежнікі, паведамляе кіраўніца прэс-службы МЗС Украіны Алена Вашчанка. Паводле яе слоў, затрыманых абвінавацілі ў парушэнні заканадаўства Расійскай Федэрацыі.
МЗС Украіны спасылаецца на паведамленне ўкраінскага генеральнага консульства ў Санкт-Пецярбургу. Вядома, што ўкраінцы ехалі ў Расію на аўтатранспарце. Усіх іх затрымалі на 48 гадзінаў. Грамадзян Украіны аштрафавалі, былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы і прынятае рашэнне аб іх прымусовым вяртанні. Раніцай 13 ліпеня ў горадзе Невель Пскоўскай вобласці Расіі яшчэ заставаліся 60 грамадзян Украіны, інфармуюць Украінскія нацыянальныя навіны.
Украінскія дыпламаты спрабуюць высветліць, што ж адбываецца. Ім паведамілі наступнае: "Грамадзяне трэціх краін, у дадзеным выпадку Украіны, не маюць права перасякаць мяжу з Беларуссю, а рабіць гэта толькі праз міжнародныя пункты пропуску. Паколькі такіх там пунктаў пропуску няма, яны парушылі заканадаўства РФ".
У прэс-службе Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Еўрарадыё сказалі, што інфармацыі пра затрыманне грамадзян Украіны на беларуска-расійскай мяжы ў іх няма:
"Органаў памежнай службы Рэспублікі Беларусь на мяжы з Расійскай Федэрацыяй няма. Кампетэнтна вам адказаць, што памежнікі Расійскай Федэрацыі кагосьці затрымалі я не магу... З нашага боку ніякай інфармацыі на гэты конт пакуль не праходзіла. У афіцыйным парадку на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь нікога не перадавалі".
Фота з сацыяльных сетак