На Аршаншчыне жывёлаводам выдавалі заробак… дохлымі цялятамі

Тры галоўныя спецыялісты ды пяць загадчыкаў фермаў з аршанскага сельгаспрадпрыемства "Зубрэвічы" атрымалі па два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай. Іх пакаралі  за тое, што амаль два гады прымушалі даярак набываць дохлых цялят… жывой вагой.  Пра тое, дзеля чаго яны гэта рабілі, распавядае нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

“Кіраўніцтва "Зубрэвічаў" намагалася такім чынам схаваць сапраўдныя лічбы падзяжу маладняка на фермах, каб пазбегнуць дысцыплінарнай ды матэрыяльнай адказнасці.

Практычна ў кожным выпадку ў гібелі цяляці абвінавачвалі работнікаў фермаў ды прымушалі іх набываць нібыта жывое цяля ў кошт заробку.

Некаторыя даяркі такім чынам вымушаны былі выплочваць па 100-200 тысяч рублёў за месяц. "Набываць цялят" прымушалі нават слесараў ды іншых тэхнічных супрацоўнікаў фермаў”.


Следства высветліла, што агулам аршанскія жывёлаводы заплацілі за дохлых цялят два мільёны рублёў.