МЗС Украіны: Ёсць доказы паставак тэрарыстам зброі з Расіі (фота)

А менавіта — ПЗРК (пераносных зенітна-ракетных комплексаў), якімі тэрарысты ў Данецкай і Луганскай абласцях збіваюць украінскія верталёты і самалёты. МЗС Украіны адзначае, што 6 чэрвеня пасля боя з тэрарыстамі каля пункта пропуску "Марынаўка" ў Данецкай вобласці ўкраінскія сілавікі знайшлі скрыню з ПЗРК. Паводле знойдзенага ў ёй дакумента, зброя з 2001 года захоўвалася на складзе вайсковай часці ў горадзе Ейск у Краснадарскім краі Расіі. Апошняя пазнака захоўвання ПЗРК на складзе адносіцца да 12 красавіка 2014 года.



МЗС Украіны звяртае ўвагу на тое, што яшчэ ў красавіку зброя была на складзе ў Расіі, а ўжо ў пачатку чэрвеня яна апынулася ў тэрарыстаў ва Украіне. 18 чэрвеня Украіна запатрабавала ад Расіі тлумачэнняў гэтага факту.



У каментары знешнепалітычнага ведамства Украіны адзначаецца, што перадача Расіяй "ПЗРК тэрарыстам не толькі пацвярджае факты прамога ўмяшальніцтва РФ ва ўнутраныя справы Украіны і падтрымку Расіяй тэрарызму як з'явы, але і з'яўляецца грубым парушэннем расійскім бокам міжнародных абавязальніцтваў".



Фота — mfa.gov.ua