Moby вырашыў граць хэві-метал

Амерыканскі музычны фантазёр Moby пасля далікатнага і душэўнага альбома "Wait For Me" вырашыў сабраць хэві-метал-гурт. Удзельнікамі праекта пад назвай Diamondsnake сталі таксама музыкі гуртоў Valley Lodge, Satanicide і The Sound Of Urchin.

У аўтабіяграфіі гурта пазначана наступнае: "Спалучаючы такія стылі, як рок, хард-рок і хэві-метал, нью-ёркскі гурт Diamondsnake нарадзіўся ад любові да маленькага, цёмнага пакоя, у якім музыкі імкнуліся граць настолькі гучна, наколькі могуць, на працягу доўгага часу".

Вядома, што напачатку вясны Diamondsnake запісалі пятнаццаць песень, сем з якіх ужо цяпер можна пачуць на іх старонках у Facebook і на MySpace, а таксама на сайце гурта.

Нагадаем, гэта не першы кардынальны эксперымент Moby з музычнымі стылямі. Так, напрыклад, у 1996 годзе ён выпусціў альбом панк-року і эмбіенту "Animal Rights", а ў 2008-2009-м даваў канцэрты з блюз-праектам The Little Death.

Паводле: Open Music
Фота: myspace гурта