"Мірон" вывесіў у Віцебску бел-чырвона-белы сцяг у гонар Ларысы Геніюш

Бел-чырвона-белы сцяг зноў залунаў над Віцебскам. Ён з'явіўся ўчора вечарам на даху трохпавярховага жылога дома па вуліцы Горкага.

Паводле звестак мясцовага апазіцыянера Барыса Хамайды, да сцяга была прымацаваная цыдулка наступнага зместу:

"Гонар і пашана выдатнай паэтцы, нязломнай Ларысе Геніюш, якая адмовілася ад савецкага грамадзянства і да апошніх дзён жыцьця заставалася грамадзянкай Беларускай Народнай Рэспублікі. "Як жыць, дык жыць для Беларусі, а безь яе – зусім ня жыць!. Слава героям БНР! Жыве Беларусь! Жыве вечна! Мірон".

Барыс Хамайда нагадаў, што сённяшні сьцяг - гэта чарговы этап "Бел-чырвона-белага марафона", абвешчанага да 90-х угодкаў БНР легендарным Міронам. Сцяг у гонар Ларысы Геніюш стаўся сямнаццатым па ліку, які за апошнія месяцы ўзняў Мірон.

Радыё Свабода