Мінюст не зарэгістраваў арганізацыю ліквідатараў аварыі на ЧАЭС

Міністэрства юстыцыі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання ўдзельнікаў і інвалідаў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі "Ліквідатар".
Як паведаміў ініцыятар стварэння аб'яднання Аляксандр Валчанін, аб адмове ў рэгістрацыі яму стала вядома 3 ліпеня з ліста начальніка ўпраўлення грамадскіх аб'яднанняў Мінюста Алега Сліжэўскага.

Калегія Мінюста матывавала сваю адмову тым, што сярод заснавальнікаў аб'яднання ёсць людзі, якія не ўдзельнічалі ў ліквідацыі постчарнобыльскіх наступстваў.

Валчанін адзначыў, што аргкамітэт аб'яднання прадоўжыць дыялог з тымі беларускімі чыноўнікамі, якія не адмаўляюцца ад яго, і будзе рэгістраваць "Ліквідатар" ва Украіне.

Нагадаем, 19 траўня ў Мінску адбыўся ўстаноўчы з'езд аб'яднання, дэлегаты якога выступілі за дыялог з уладамі і прапанавалі ім дапамогу ў наладжванні міжнародных сувязей па пераадоленні постчарнобыльскіх наступстваў.

Жаданне стаць членамі аб'яднання выказалі каля тысячы цывільных і ваенных ліквідатараў, у тым ліку медыкі і міліцыянты, кіроўцы і ратавальнікі з розных рэгіёнаў краіны.

Сёння ў Беларусі жывуць 11.200 ліквідатараў-інвалідаў і 115.000 грамадзян, якія ў 1986-1988 гадах удзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.

БелаПАН