Міністэрства энергетыкі таксама заставалася без святла цягам паўгадзіны

Знікненне электрычнасці ў цэнтры Мінска ўдзень 11 жніўня звязанае з адсутнасцю напружання на сілкавальнай лініі электраперадач 35кВ. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Белэнерга. Прычыны парушэння высвятляюцца:

“У 16.03 ўсе спажыўцы былі запітаныя па рэзервовых сувязях. Аператыўным службам спатрэбілася менш за трыццаць хвілін для аднаўлення электразабеспячэння спажыўцоў. Персаналам Мінскіх кабельных сетак ажыццяўляецца абыход трасы лініі 35 кВ для высвятлення прычын парушэння электразабеспячэння спажыўцоў”.

Па словах Аляксандра Малькова, намесніка кіраўніка ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Белэнерга, парушэнне электразабеспячэння ніяк не звязанае з цяперашняй анамальнай спёкай:

“Паколькі кабельная лінія знаходзіцца ў зямлі, і калі яна недзе пашкодзілася, то наўрад ці спёка паўплывала на яе выхад са строю”.

Дарэчы, будынак міністэрства энергетыкі таксама апынуўся ў эпіцэнтры “электрычных” падзей, як і офіс Еўрарадыё, бо таксама знаходзяцца на вуліцы Карла Маркса, дзе апроч іншага, амаль гадзіну не працавалі банкі, крамы і некаторыя рэстараны.

Адключэнне святла ў цэнтры Мінска выклікала транспартны калапс (фота)

Нагадаем, прыкладна ў 15.20 сёння ў цэнтры Мінска знікла электрычнасць. Святла не было ў будынках на вуліцы Карла Маркса, праспекце Незалежнасці, Нямізе і суседніх вуліцах. Не працавалі светлафоры на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і Нямігі з вуліцамі Валадарскага, Гарадскі вал і ў раёне плошчы Незалежнасці. У сувязі з гэтым транспартны рух у цэнтры быў ўскладнены, утварыліся дарожныя заторы, а на скрыжаванні Нямігі з Гарадскім Валам адбылася аварыя з удзелам матацыкла і таксі.

Фота Алеся Пілецкага