Мінабароны РФ: Захопленая украінцамі бронемашына не належыць пскоўскаму дэсанту
Ведамства пракаментавала паведамленні пра тое, што ўкраінскія ваенныя захапілі расійскую дэсантную машыну на ўсходзе краіны.
У расійскім Мінабароны называюць гэтыя сведчанні "фальшыўкай". Па словах прадстаўніка міністэрства абароны Расіі генерал-маёра Ігара Канашэнкава, формы службовых дакументаў, знойдзеныя ў нібыта расійскай БМД на Украіне, не выкарыстоўваюцца ва ўзброеных сілах Расіі ўжо каля пяці гадоў.
"Усе прадстаўленыя службовыя дакументы, нібыта знойдзеныя ў бронемашыне, выкананыя на старых формах (шаблонах), якія ў расійскай арміі перасталі выкарыстоўваць каля пяці гадоў таму. Ды і незразумела, навошта ў бронемашыне вазіць такую шырокую бібліятэку, уключаючы нават журнал звальнення радавога складу?", - заявіў прадстаўнік ведамства, інфармуе ВВС.
Нагадаем, што 20 жніўня ва украінскіх СМІ з'явілася інфармацыя аб захопе адной БМД з Расіі. Яна падмацоўвалася фотаздымкамі дакументаў, а таксама пашпартоў расійскіх вайскоўцаў, нібыта знойдзеных на месцы бою.