Міліцыянты не заўважылі выкрадання Змітра Дашкевіча

Па факце крадзяжу асабістай маёмасці ў лідара міжнароднай моладзевай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) Змітра Дашкевіча міліцыя пачала крымінальную справу. Як нагадвае БелаПАН, 5 снежня 2009 года Дашкевіч павінен быў удзельнічаць у падпісанні дамовы пра стварэнне моладзевай кааліцыі "Новае пакаленне". Калі хлопец выйшаў са сваёй кватэры на Партызанскім праспекце ў Мінску, на яго напалі пяцёра невядомых. Дашкевіча вывелі з пад'езда, забралі ў яго сумку з дакументамі і мабільны тэлефон, пасадзілі ў мікрааўтобус. Пяць з паловай гадзін яго вазілі ў аўтамабілі, пасля чаго пакінулі ў лесе недалёка ад вёскі Антонаўка Лагойскага раёна Міншчыны.

Дабраўшыся да сталіцы, лідар "Маладога фронта" адразу звярнуўся з заявай у міліцыю. Цяпер Дашкевічу прыйшло апавяшчэнне, што 14 снежня міліцыя пачала крымінальную справу за рабаванне, учыненае групай асобаў. Пры гэтым палітык адзначыў, што, нягледзячы на ўсе хадайніцтвы і заявы ў міліцыю і пракуратуру, яму прыйшло толькі апавяшчэнне з міліцыі. Ніякіх адказаў з пракуратуры ён не атрымаў.

Дарэчы, за апошні год гэта не першае выкраданне моладзевых актывістаў. 19 снежня 2008 года ў Мінску быў выкрадзены адзін з лідараў нефармальнай арганізацыі "Маладая Беларусь" Артур Фінькевіч. 25 сакавіка 2009 года ў сталіцы невядомыя схапілі маладафронтаўцаў Настассю Палажанку і Дзяніса Карнова і вывезлі ў лес. 27 лістапада 2009 года ў цэнтры Мінску быў выкрадзены актывіст моладзевай апазіцыі Ўладзімір Лемеш, якога вывезлі за горад на машыне без нумарных знакаў. Ва ўсіх выпадках міліцыя не змагла знайсці людзей, датычных да гэтых злачынстваў.