Медыкі: Дзяўчынка, што рабіла сэлфі на даху вагона, у прытомнасці

Дзяўчынка, якая атрымала траўмы электратокам падчас сэлфі на даху вагона цягніка ў Аранчыцах, тэрмінова пераведзеная з Пружанскай раённай бальніцы ў рэанімацыю Брэсцкай абласной бальніцы.

У аддзяленні рэанімацыі Еўрарадыё паведамілі, што пружанская школьніца знаходзіцца ў прытомнасці, аднак яе стан цяжкі:

"У яе найцяжэйшая траўма — шырокі апёк. Таму ніхто не можа даваць ніякіх прагнозаў. Такая траўма лекуецца вельмі-вельмі цяжка і вельмі-вельмі доўга. Таму ў бліжэйшы час задаваць пытанні пра тое, што змянілася, не варта”.

Нагадаем, у нядзелю 16 жніўня ў Пружанскім раёне 14-гадовая школьніца Яна вырашыла зрабіць сэлфі на даху вагона цягніка. Разам з сяброўкай яна прыйшла на чыгуначную станцыю, выбрала пусты вагон. Школьніца не ведала, што ён знаходзіцца пад высокавольтнай лініяй электраперадач.

Ужо праз імгненне пасля таго, як дзяўчынка апынулася на даху, яе ўдарыла токам. Школьніца страціла прытомнасць. Дзяўчынку адвезлі ў лякарню. У рэанімацыі ёй паставілі наступны дыягназ: электратраўма, апёк твару, шыі, рук, ног, спіны, пярэдняй паверхні тулава. Плошча паражэння склала 50% цела.

Фота: medportal.org