Марыюш Машкевіч: Беларускія палітыкі звярнуліся не па адрасе

Палітыкі, якія папрасілі міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага паўплываць на працу радыёстанцый, што вяшчаюць з Польшчы ("Еўрапейскага радыё для Беларусі" і "Радыё Рацыя"), і тэлеканалу “Белсат”, звярнуліся не па адрасе.
Як сказаў Еўрарадыё дырэктар дэпартамента па справах Усходняй Еўропы МЗС Польшчы Марыюш Машкевіч, міністр замежных справаў тут не дапаможа.

Марыюш Машкевіч: “Мне здаецца, што гэта не той адрас, таму што міністэрства не кіруе ні радыёстанцыямі, ні тэлебачаннем. Міністр не мае ўплыву на якасць, на перадачы. Яны не разумеюць, што гэта не так працуе ўсё”.

Нагадаем, у лісце трое палітыкаў (прадстаўнікоў "Маладога фронту", Партыі БНФ і БСДП (Г) гавораць пра тое, што згаданыя радыёстанцыі ў сённяшнім выглядзе "не могуць канкурыраваць з беларускімі FM-станцыямі". Яны прапанавалі стварыць Назіральную раду, якая б адсочвала іх працу.

Працяг тэмы неўзабаве з'явіцца на нашым сайце і ў эфіры.

Віталіна Грахоўская
, Еўрапейскае радыё для Беларусі