Маладафронтаўцы ўжо 2 тыдні не могуць абнавіць свой сайт

"Малады фронт" паведамляе аб праблемах, якія ўзніклі ў працы сайту арганізацыі. Ужо 2 тыдні праз умяшальніцтва звонку сайт немагчыма абнавіць, хаця ён і адчыняецца. Распавядае прэс-сакратар "Маладога фронта" Станіслаў Стэсік: Стэсік: "8 чэрвеня ўзніклі праблемы з нашым сайтам www.mfront.net. А ў першай палове 10 чэрвеня абнаўленне сайта стала ўвогуле немагчымым. Мы меркавалі, што гэта тэхнічныя непаладкі на серверы ці праграмныя памылкі ў скрыптах. Але нядаўна высветлілася, што ўсё тлумачыцца ўмяшальніцтвам звонку. Пашкоджаная ў нас база даных і цалкам знішчаная адміністратарская частка сайта".

Па словах Стэсіка, адзіная навіна, якая з сайта знікла, датычылася акцыі "Стоп бензін". Таму самі маладафронтаўцы звязваюць перашкоды ў яго працы з нашумелым Указам №60 ці з актыўнасцю спецслужбаў.

Але паколькі сервер, на якім "ляжыць" сайт "Маладога фронта", знаходзіцца па-за межамі краіны, збояў у яго працы не было і атакаў на яго не назіралася, такія тлумачэнні падаюцца сумнеўнымі. Хутчэй за ўсё, наўмыснае ці выпадковае пашкоджанне сайта на сумленні некага, хто валодаў правамі адміністратара.