Магілёўскія донары атрымалі адказ на свой зварот наконт адмены ільготаў

Магілёўскія донары атрымалі адказ на зварот у парламент наконт адмены льготаў. Як паведаміў "БелаПАН" ганаровы донар Беларусі Ігар Каваленка, зварот быў пераадрасаваны ў Магілёўскі гарвыканкам, і адказ прыйшоў за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Ф.К.Міхеенкі. "Ва ўмовах, калі праяўленне гуманізму і міласэрнасці ў выглядзе донарства крыві і яе кампанентаў з боку асобных грамадзян пачынае ўспрымацца як праца, узнікае больш чым сур'ёзнае апасенне ў тым, наколькі наогул бяспечна для хворых карыстацца паслугамі такіх "гуманных і міласэрных грамадзян, – гаворыцца ў адказе. У лісце размова ідзе аб тым, што "сістэма збору донарскай крыві і яе кампанентаў у Беларусі наладжана і адпрацавана ўжо многімі дзесяцігоддзямі".

Адным з яе складнікаў з'яўляюцца донары, якія рэгулярна здаюць кроў і яе кампаненты. "Гонар і ўхвала такім людзям. Мы схіляем галовы перад гэтымі грамадзянамі, якія выратавалі жыцці тысячам сваіх землякоў", – зазначаецца ў лісце.

"Дабрачынныя справы ва ўсе гады славіліся перш за ўсё тым, што сапраўды міласэрныя людзі ніколі не імкнуліся да афішыравання свайго ўдзелу ў дабрачыннасці, спонсарстве, мецэнацтве ў любым іншым сваім добаахвотным ахвяраванні на карысць тых, хто мае ў гэтым патрэбу, – гаворыцца ў адказе. – Не кажучы аб тым, каб яны патрабавалі сабе за гэта нейкіх ільготаў і пераваг".

"Тыя грамадзяне, якія з меркантыльных інтарэсаў лабіравання сабе льготаў за тое, што рэгулярна праяўляюць акт гуманізму і міласэрнасці ў выглядзе добраахвотнай здачы крыві і яе кампанентаў, вядома ж, маюць права перастаць займацца гэтай дзейнасцю, - зазначаюць прадстаўнікі гарвыканкама. – Але называць гэтую акцыю забастоўкай, па-першае, юрыдычна няправільна, па-другое, лагічна няправільна, па-трэцяе, гэта значыць не больш чым прыніжэнне саміх сябе ў вачах суайчыннікаў".

"У гэтым лісце няма ніводнага адказу наконт нашых патрабаванняў, – заўважыў І.Каваленка. – Калі ж я званіў у парламент, мне сказалі, што гарвыканкам, згодна з законам аб донарстве і кампанентах крыві, мае права ўстанавіць донарам на свой погляд нейкія льготы або прэферэнцыі".

Паводле спадара Каваленкі, донары чакаюць вынікаў яшчэ двух такіх зваротаў – з Савета міністраў Беларусі і Мінстэрства аховы здароўя. Гэта паўплывае на рашэнне донараў аб пачатку бестэрміновай забастоўкі.

Ён таксам паведаміў, што працягваецца работа над стварэннем дабрачыннага фонду донараў крыві і плазмы – ужо гатовы статут будучай арганізацыі.

Нагадаем, з 20 па 27 чэрвеня ў краіне праходзіла папераджальная забастоўка донараў, якія кінулі наведваць станцыі пералівання крыві. Мэта акцыі выказаць пратэст супраць адмены льготаў ганаровым донарам згодна з законам аб упарадкаванні льготаў, які ўступіць у сілу 17 снежня 2007 года.