Лябедзька: Гэта была цяжкая кампанія, але з палітыкі сыходзіць не збіраюся

Напрацягу дня асноўнага галасавання настрой лідэра АГП, сустаршыні Палітрады АДС Анатоля Лябедзькі, які балатаваўся па 105 Старавіленскай выбарчай акрузе змяняўся ад чорна-белага да дзелавога, а зранку ў панядзелак палітык назваў яго рабочым, але пры гэтым спадзяваўся хаця б на двухдзённы адпачынак, каб выспацца і згуляць у футбол. Галасавала сям’я Лябедзькаў на 454-м участку, які размесціўся ў 16-й гімназіі (менавіта тут вучыцца ўнучка прэзідэнта), але прыйшлі на галасаванне паасобку: жонка - з суседняга выбарчага ўчастку, дзе назірала за хадой выбараў, а сын проста падняўся з-за стала назіральнікаў на тым жа ўчастку, дзе галасаваў лідэр АГП.



Апускаючы бюлетэнь, Анатоль Лябедзька адзначыў, што галасуе за тое, каб праз 4 гады адбыліся сумленныя свабодныя выбары.

Большую частку дня палітык правёў у раз’ездах па акрузе, наведваў участкі, збіраў інфармацыю, не заўжды ўдала. Як і ў папярэднюю выбарчую кампанію. Па словах Анатоля Лябедзькі асабіста для яго сёлетняя кампанія амаль нічым не адрознівалася ад парламенцкай кампаніі 2004 года:

Лябедзька: Якую пазіцыю не вазьмі, у мяне (гэтым разам) было больш складана і горш. Для мяне абсалютна ніякай розніцы: я толькі два дні перад тым змог надрукаваць прадукцыю за грошы, выдзеленыя кожнаму кандыдату, чатыры праверкі, ніводнага чалавека не ўключылі ў склад камісіі.

Але нягледзячы ні на стому, ні на тое, што нават не бачыў шанцаў стаць дэпутатам, сваю кампанію Анатоль Лябедзька ацэньвае станоўча і з палітыкай “завязваць” не збіраецца. Кажа, што людзей шкада, яны хочуць пераменаў, таму хочацца для іх штосьці зрабіць.

Лябедзька: Гэта цяжкая была кампанія, таму што праводзіць яе было не проста. Не было на яе рэсурсаў, усё выцягвалася на жылах нашых актывістаў. З аднаго боку мы паглядзелі на свае магчымасці, колькі ў нас людзей насамрэч, якія могуць не проста гаварыць, але і рабіць справу. Гэта вельмі каштоўна. Па-другое, я пераканаўся праз камунікацыі з людзьмі, што не буду сыходзіць з палітыкі.

Цяпер жа, калі выбары скончыліся, чаканыя вынікі выбараў агучаныя, Лябедзька плануе адпачыць, а пасля сабраць подпісы тых выбаршчыкаў, які галасавалі за яго, каб даказаць сфальсіфікаванасць выбараў, бо ведае цэлыя пад’езды, якія галасавалі за яго. А яшчэ плануе звярнуцца ў суд,каб патрабаваць адмены вынікаў нядзельнага галасавання.

Лябедзька:  Паспрабуем звярнуцца да людзей, каб людзі адкрыта паставілі свае подпісы, што яны за мяне галасавалі. Ну а бліжэйшае – звярнуся ў суд і абскарджу вынікі выбарчай кампаніі. Гэта фармальнасць, але для мяне яна вельмі важная.

Дадамо толькі, што паводле афіцыйных вынікаў выбараў па 105 Старавіленскай акрузе Анатоль Лябедзька набраў 9,7% галасоў выбаршчыкаў. Гэтым, відаць, сёлетняя кампанія і адрозніваецца: мінулым разам было больш.



Фота аўтара.