Лукашэнку запрапануюць падпісаць Дэкларацыю незалежнасці

Анатоль Лябедзька прапанаваў сабраць подпісы дэпутатаў Вярхоўнага Савету ХІІ склікання пад Дэкларацыяй аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Лябедзька: "Сабраць усе подпісы на паперы з Дэкларацыяй аб суверэнітэце. Пажадана, каб першыя тры подпісы былі подпісамі трох спікераў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання - гэта Дземянцей, Шушкевіч, Грыб. З Грыбам мы сёння сустракаліся - ён паставіў подпіс... І надалей - усіх тых, хто, па-першае, выступаў, ініцыяваў прыняццё гэтага дакумента. Другая катэгорыя - тыя, хто за яго галасаваў".

Апазіцыя БНФ, як вядома, з тактычных прычынаў не галасавала за Дэкларацыю, але распрацоўвала яе. Таму, па словах сп.Лябедзькі, яна трапляе ў першую катэгорыю.

Сярод верагодных падпісантаў пазначаны і тагачасны дэпутат ВС Аляксандр Лукашэнка.

Лябедзька: "Прапанова будзе накіравана дэпутату Вярхоўнага Савету ХІІ склікання Аляксандру Лукашэнку, каб ён таксама далучыўся... Мы будзем знаходзіць людзей альбо па месцы працы, альбо па месцы жыхарства. Лукашэнка таксама не выключэнне. Альбо дзе ён фізічны працуе, льбо дзе жыве - гэта альбо Дразды, альбо вуліца Карла Маркса".

Закончыць збор подпісаў плануецца на працягу месяца. Ксеракопію дакумента з подпісамі атрымае кожны з падпісантаў. Дзе будзе захоўвацца арыгінал, пакуль нявырашана.