Лукашэнка заклікаў ЕС адмяніць санкцыі і паабяцаў дэмакратычныя выбары

Легітымнасць будучых выбараў для Беларусі важней, чым для каго б там ні было ў свеце. Так заявіў Аляксандр Лукашэнка 2 лістапада, адкрываючы сустрэчу ў Мінску з міністрамі замежных справаў Нямеччыны і Польшчы Гіда Вэстэрвеле і Радаславам Сікорскім. Сёлетнія выбары, заявіў кіраўнік Беларусі, пройдуць "яшчэ больш адкрыта і дэмакратычна, чым усе папярэднія".
Па словах Лукашэнкі, якія перадае БелаПАН, Нямеччына і Польшча робяць вельмі шмат для таго, каб былі добрыя адносіны як у Беларусі з гэтымі краінамі, так і ў Беларусі з ЕС.

У сваю чаргу Сікорскі адзначыў, што Польшча зацікаўленая ў тым, каб Беларусь "следавала еўрапейскім каштоўнасцям". Па яго словах, Польшча падтрымлівае такія мэты і задачы "Ўсходняга партнёрства", як эканамічная інтэграцыя і спрашчэнне візавага рэжыму.

Яго нямецкі калега Вэстэрвеле дадаў, што ЕС жадае бачыць Беларусь не толькі як суседа, але і як добрага партнёра. Нямецкі чыноўнік заявіў, што Еўропа гатовая паглыбіць эканамічнае супрацоўніцтва з Беларуссю. Але яна таксама жадае, каб Беларусь захоўвала правы чалавека, прынцыпы дэмакратыі і вяршэнства закона. У прыватнасці, на выбарах Еўрасаюз хацеў бы, каб прадстаўнікі апазіцыі атрымалі доступ да СМІ і мелі магчымасць данесці да грамадства свае погляды і праграмы.