Лаўроў не ўгледзеў ніякіх здзекаў у "парадзе" палонных у Данецку
Нагадаем, што палонных украінцаў баевікі так званай "ДНР" правялі ў нядзелю па Данецку ў піку вайсковаму параду ў Дзень незалежнасці Украіны ў Кіеве.
"Што тычыцца ганебнага стаўлення да ваеннапалонных — гэта хай разбіраюцца юрысты", — заявіў кіраўнік расійскай дыпламатыі на прэс-канферэнцыі ў Маскве. Па словах Лаўрова, якія перадае interfax.by, ён бачыў карцінку гэтага параду і не ўбачыў нічога такога, што б і блізка нагадвала здзекі.
Па словах Лаўрова, ва Украіне дзейнічае мноства батальёнаў. Яны нікому не падпарадкоўваюцца, акрамя алігархаў, якія ствараюць іх на свае грошы. "Там ёсць Нацыянальная гвардыя, часткова сфармаваная з "Правага сектара", там ёсць "Правы сектар", які працягвае дзейнічаць і сам па сабе. І тое, як яны абыходзяцца з мірнымі грамадзянамі, напэўна, гэта чыстай вады ваеннае злачынства", — заявіў расійскі міністр.
"Нічога падобнага з боку апалчэнцаў я не бачыў. Калі яны бяруць у палон, альбо калі да іх пераходзяць ўкраінскія вайскоўцы, (гэтым людзям) аказваецца медыцынская дапамога", — сказаў Лаўроў.
"Урэшце, іх хоць бы хаваюць як людзей, а не скідаюць экскаватарам у выкапаны роў і потым зароўніваюць гусеніцамі там", — адзначыў міністр.
Фота — ЕРА