Курэйчыка вяртаюць ва ўніверсітэт культуры

Драматург Андрэй Курэйчык працягне выкладчыцкую працу ва ўніверсітэце культуры. Пра гэта парталу TUT.by паведамілі ў Міністэрстве культуры. Нагадаем, месяц таму вядомы сцэнарыст і драматург у інтэрв'ю апазіцыйным выданням здзівіўся пераследу актывістаў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" і выказаўся ў падтрымку паэта Ўладзіміра Някляева. Пасля публікацыі гутаркі, па словах Курэйчыка, на кафедру тэатральнай творчасці прыйшло распараджэнне "зверху" не падаўжаць з ім кантракт. На кафедры неафіцыйна пацвердзілі, што звальненне мае палітычны характар.

На знак пратэсту Курэйчык адмовіўся прымаць іспыты і неадкладна разарваў усе кантакты з універсітэтам культуры.