Кітайцы вярнуліся на пружанскую зямлю
У вёсцы Шчэрчава зноў стварылі кітайскі калгас, дзе дадуць магчымасць зарабіць і беларусам… 20 тысяч рублёў за дзень
У Пружанскім райвыканкаме зарэгістравалі новае кітайскае прадпрыемства — “СінаБелАгра”. Прычым, зямлю ім выдзелілі ў тым жа Шчэрчаўскім сельсавеце, дзе летась спрабавалі наладзіць гаспадарку кітайцы з замежнага прадпрыемства “Шэнян”. Гэтая спроба, нягледзячы на нядрэнны ўраджай, аказалася няўдалай: “Шэнян” збанкрутаваў, кітайцы раз’ехаліся і гаспадарка развалілася.
“Новыя” кітайцы атрымалі не толькі тую ж самую зямлю, але і вырошчваць збіраюцца тую ж самую гародніну, што і іх папярэднікі. Пра гэта Еўрарадыё расказаў намеснік дырэктара “СінаБелАгра” Вячаслаў Паноў.
Вячаслаў Паноў: “Новае прадпрыемства, новыя інвестары, але зямля засталася тая ж, што і раней выдзялялася. І аб’ём працы практычна той жа: тая ж капуста, тыя ж памідоры, агуркі, баклажаны і гэтак далей”.
Няўдачу “Шэняна” Вячаслаў Паноў раіць не звязваць з тым, што вырашчаная кітайцамі прадукцыя нібыта не карысталася попытам. Уся праблема, кажа, палягала ў ненадзейным інвестары.
Вячаслаў Паноў: “Прычына была зусім не ў тым, што прадукцыя поспехам не карысталася. Проста той чалавек, які фінансаваў гэтае прадпрыемства, ён падмануў і не даваў сюды грошай. Немагчыма было набыць транспарт, каб гэтую прадукцыю некуды вазіць на продаж. Трэба было з людзьмі разлічвацца, якія працавалі. А грошай не было. А рабочыя працаваць "за так" не будуць. Ні кітайскія, ні беларускія. Вось па гэтай прычыне ўсё так і склалася”.
Дарэчы, як раней пісала Еўрарадыё, кітайскім супрацоўнікам “Шэняна” гаспадары абяцалі заробак у 800 долараў. Але, не ўбачыўшы зусім аніякіх грошай, кітайцы пешшу выправіліся ў Мінск да кітайскай амбасады. Што ж тычыцца беларусаў, то іх у “Шэняне” амаль не было. Адны казалі, што з-за малых заробкаў, другія — з-за цяжкай фізічнай працы. Тэхнікі ж ніякай не было, усё рабілі з дапамогай рыдлёвак ды матыкаў.
Цяпер, кажа Вячаслаў Паноў, сітуацыя будзе іншая. Па-першае, кітайцы арандуюць у суседніх калгасах тэхніку. Па-другое, плаціць абяцаюць не менш як 20-25 тысяч рублёў за дзень. Дый увогуле, новыя кітайцы робяць стаўку не на сваіх суайчыннікаў, а на мясцовых працаўнікоў. Цяпер кітайцаў 8 — і больш, маўляў, не трэба: нявыгадна.
Вячаслаў Паноў: “Яны плануюць, што больш будзе беларускіх людзей. Каб не было шмат з Кітая: ім нявыгадна перавозіць людзей — прасцей тут набраць. Будзе сезонны набор — на пасадку і ўборку гародніны. А вось калі будуць масава пабудаваныя цяпліцы — сёлета плануецца далейшае развіццё цяпліц — тады будуць прыцягвацца і ў цяпліцах працаваць цэлы год. Гэта ў будучыні. А зараз, да лета, чалавек 30-40 будуць прынятыя. Галоўнае, каб людзі пайшлі”.
Еўрарадыё пацікавілася, ці лёгка ў вёсцы Шчэрчава, дзе і базуецца кітайская гаспадарка, знайсці працу. Паводле словаў супрацоўніцы пошты Марыі, такіх месцаў не шмат.
Супрацоўніца пошты: “Школа, пошта, сельсавет, фельчарска-акушэрскі пункт, фабрыка — усё! Ну, бібліятэку адрамантавалі, клуб. Хто там працуе, той і працуе. А так, каб уладкавацца, то моцна не разгонішся”.
Людзі, кажа, ездзяць на заробкі і ў Мінск, і ў Брэст, і нават у Маскву. А вось ці пойдуць да кітайцаў — пытанне.
Супрацоўніца пошты: “Яны ўсё ўручную робяць. І як з аплатай, я не ведаю. Бо нашы там мала папрацавалі і разбегліся. Гэта летась. А як сёлета плаціць ім будуць, я ж не ведаю. Людзі хочуць працаваць, але ж хочуць нешта і атрымаць. А ў іх ручная праца, яны з матыкамі цэлы дзень. Як яны, нашы так, можа, і не вытрымаюць”.
Нягледзячы на тое, што новая кітайская гаспадарка на беларускай зямлі ўжо зарэгістраваная і нават сплаціла запазычанасці сваіх папярэднікаў, у іх, акрамя планаў, больш нічога няма. Ні пагаднення аб арэндзе тэхнікі, ні дамоваў на будучыя пастаўкі прадукцыі, ні нанятых мясцовых працоўных. Нават бізнэс-план развіцця гаспадаркі, кажа Вячаслаў Паноў, яшчэ не зацверджаны. Толькі вырашана, што пабудуюць 10 вялікіх цяпліц, якія будуць працаваць круглы год, і некалькі сезонных. Ды ёсць 8 кітайцаў, якія ўжо пасяліліся ў кватэрах пакінутага ваеннага гарадка і займаюцца вырошчваннем расады.
Дарэчы, летась амбасадар Беларусі ў Кітаі Анатоль Тозік заявіў, што ў самы бліжэйшы час на пружанскай зямлі будзе рэалізаваны чарговы кітайскі інвестыцыйны праект: у вёсцы Шэні пабудуюць цяплічны комплекс. Паводле плану, да кожнай з цяпліц, якіх мае быць некалькі сотняў, будзе прыбудаваная хатка, дзе размесціцца па кітайскай сям’і. А гэта — каля тысячы чалавек. Вагоны з цяпліцамі нібыта ўжо стаяць на мяжы і чакаюць ільготнай растаможкі.
Але ўзнёслыя словы амбасадара “прызямліла” старшыня Шэніўскага сельвыканкама Ганна Хаценка.
Ганна Хаценка: “Нічога тут нават і блізка няма. Нічога не прасоўваецца і нічога няма!”
Глядзі таксама па тэме:
Беларус у Пружанскім раёне атрымлівае ў 6 разоў менш за кітайца
Як галодныя кітайцы на Мінск хадзілі