Кіроўца з Расіі баіцца стаць другім Парсюкевічам

Скаргу грамадзяніна Расіі Сяргея Астроўскага на дзеянні інспектараў спецпадраздзялення мінскай ДАІ падчас яго затрымання цяпер разглядае і вывучае пракуратура Цэнтральнага раёна Мінска. А яго скаргу ў адносінах да суддзі Цэнтральнага раёна сталіцы Таццяны Паўлючук у аўторак будзе разглядаць Мінскі гарадскі суд. Калі факты парушэнняў закона, у якіх абвінавачвае ДАІшнікаў і суддзю расіянін, пацвердзяцца, вінаватыя могуць згубіць працу. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла адвакат пацярпелага Вера Страмкоўская.

Вера Страмкоўская: “Мы даслалі скаргу ў пракуратуру Цэнтральнага раёна Мінска і яны там праводзяць праверку прыведзеных фактаў. Акрамя таго, заўтра я іду ў Мінскі гарадскі суд, дзе адбудзецца разгляд справы суддзі суду Цэнтральнага раёна Паўлючук, якая яго аштрафавала за тое, што ён нібыта лаяўся матам”.

Нагадаем, што Сяргея Астроўскага супрацоўнікі спецпадраздзялення сталічнай ДАІ спынілі ў цэнтры Мінска за перавышэнне хуткасці 13 сакавіка. Па яго словах, ДАІшнікі запалохвалі яго расказамі пра тыя непрыемнасці, якія ён будзе мець як грамадзянін Расіі, калі ў яго забяруць правы. І такім чынам нібыта вымагалі ў яго хабар. Калі, як сцвярджае хлопец, ён не толькі не пагадзіўся з абвінавачваннямі ў парушэнні правілаў дарожнага руху, але і паабяцаў адзначыць у пратаколе факт патрабавання хабару, інспектары яго збілі. Потым расійскі кіроўца патрапіў у беларускі СІЗА і ў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Суддзя Таццяна Паўлючук прызначыла яму штраф за лаянку ў грамадскім месцы. А ДАІ аштрафавала за перавышэнне хуткасці. Агульная сума штрафу склала 455 тысяч рублёў.

Як паведаміў Еўрарадыё яшчэ 23 красавіка начальнік рэспубліканскага ДПС Юрый Літвін, праведзеная службовая праверка не знайшла ў дзеяннях інспектараў ніякіх парушэнняў.

Юрый Літвін: “Там няма падстаў для таго, каб распачынаць нейкую справу. Там абсалютна стандартная сітуацыя – ён вёў сябе неадэкватна і ўсё. Адарваў кішэню нашаму супрацоўніку… Гэта ж усё зафіксавана. Прычым, не са слоў нашых супрацоўнікаў, а са слоў пабочных сведкаў, таму што давялося іх прыцягнуць, каб потым апраўдвацца было лягчэй”.

Але на думку адваката Веры Страмкоўскай, у пракуратуры больш “магчымасцяў” разабрацца ці былі ў дзеяннях інспектараў ДАІ парушэнні.

Вера Страмкоўская: “ДАІ можа праводзіла праверку, ці сапраўды ён парушаў правілы дарожнага руху, ці на самой справе парушыў ён хуткасны рэжым? Можа яны што на гэту тэму і правяралі. А як яны маглі праверыць, ці быў ён збіты і ці ў адпаведнасці з заканадаўствам яго затрымлівалі? У ДАІ няма гэтым магчымасцяў, а ў пракуратуры ёсць”.

Па яе словах, чакаць нейкіх вынікаў пракурорскага расследавання трэба не раней за канец траўня. Але ўжо заўтра можа нешта вызначыцца наконт суддзі Цэнтральнага раёна Таццяны Паўлючук.

Вера Страмкоўская: “Калі будзе прызнана судом вышэйшай інстанцыі, што ёсць парушэнні пры вынясенні судовага рашэння, то яны яго адмяняюць і накіроўваюць на новы разгляд. А калі будзе прызнана, што суддзя парушыла закон, то на гэта ёсць спецыяльныя камісіі, якія разглядаюць дысцыплінарныя справы. І калі вызначаць, што такія парушэнні насамрэч былі, то наступствы могуць быць жорсткія”.

Адвакат сцвярджае, што ў такім выпадку суддзя нават можа страціць працу. Праўда, у сучаснай гісторыі судавытворчасці такія выпадкі чамусьці не прыгадваюцца. Затое, кажа Вера Страмкоўская, яна разумее грамадзяніна Расіі, які не жадае нават на суд па яго скарзе прыязджаць у Мінск – хлопец баіцца, што гэта яго могуць нечакана абвінаваціць у жорсткім збіцці двух інспектараў спецпадраздзялення ДАІ і пасадзіць за краты.

Вера Страмкоўская:
“Паводле яго слоў, яго вельмі жорстка затрымлівалі і гэта вельмі супярэчыла заканадаўству. І таму ён небеспадстаўна хвалюецца і баіцца сюды ехаць. Ён малады хлапец, і такое з ім здарылася ўпершыню. А калі глядзець на справу Парсюкевіча, пра якую ён ведае, то баіцца, каб з ім не здарылася таго ж”.