Кіеў гатовы заплаціць ФСБ за лётчыцу, якая трапіла ў палон
У міністэрстве абароны Украіны заяўляюць, што ёсць шанец на вызваленне ў бліжэйшы час Надзеі Саўчанкі.
Нагадаем, штурмана-аператара верталёта Мі-24 нядаўна захапілі ў палон баевікі так званай "Луганскай народнай рэспублікі". На відэа допыту, якое трапіла ў інтэрнэт, відаць, што Саўчанка трымалася мужна. Яна заявіла баевікам, што супраць іх выступае ўся Украіна. Жанчына сказала, што прыехала на Данбас з ідэйных мэтаў і адмовілася распавядаць пра колькасць украінскіх падраздзяленняў, задзейнічаных у антытэрарыстычнай аперацыі. Дарэчы, расійскія СМІ яе называлі "снайперам".
Выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення па рабоце з асабістым складам Узброеных сілаў Украіны, генерал-маёр Аляксандр Размазнін заявіў, што робіцца ўсё магчымае для вызвалення Надзеі Саўчанкі. "Яе трымае, хутчэй за ўсё, ФСБ Расіі, паколькі допыт праводзіў афіцэр ФСБ", — цытуе яго словы censor.net.ua. Размазнін сцвярджае, што калегі лётчыцы і звычайныя людзі гатовыя сабраць грошы для выкупа, але "пра суму пакуль ніхто не вядзе гаворкі".