Карэн Сцюарт: “Амбасада ЗША пачынае выдачу віз”

У эксклюзіўным інтэрв'ю Еўрарадыё 27 сакавіка амбасадарка ЗША Карэн Сцюарт паабяцала аднавіць выдачу віз беларускім грамадзянам, а таксама выказалася пра палітычныя падзеі ў Беларусі. ЕРБ: - Спадарыня Сцюарт, ці чулі вы ўжо пра масавыя ператрусы ў кватэрах журналістаў і офісах незалежных медыя і грамадскіх арганізацый, якія сёння ўчыніла беларускае КДБ? Як вы можаце пракаментаваць гэтую сітуацыю?

Карэн Сцюарт: - О так. Раніцай, як я толькі атрымала «Вашынгтон пост», я адразу пабачыла гэты рэпартаж пра жорсткія меры ў дачыненні да незалежных медыяў, пра вобшукі ў журналісцкіх офісах і кватэрах, пра затрыманні. ЗША вельмі спачуваюць усім, да каго былі прымененыя гэтыя жорсткія меры.

Гэта выглядае як працяг гвалтоўнага разгону мірнай дэманстрацыі 25-га сакавіка. Гэта дэманструе, што ўлада Лукашэнкі па-ранейшаму працягвае быць рэжымам брутальнай дыктатуры, дзе ігнаруюцца правы чалавека.

ЕРБ: - Вы казалі, што плануеце вярнуцца ў Беларусь цягам двух-трох тыдняў. Гэта мусіла быць дзесці 2 красавіка. Што цяпер? Калі вы плануеце вярнуцца ў Беларусь?

К.С.: - Насамрэч сітуацыя вельмі пагоршылася ў дачыненні да людзей, якія працавалі ў Амбасадзе. Мы ўсё яшчэ чакаем, калі ў Амерыку вернецца беларускі амбасадар Хвастоў. І я б такама хацела вярнуцца ў Беларусь. Але я не магу сказаць пра канкрэтныя даты.

ЕРБ: - Вы згодныя з рашэннем Дзярждэпартамента скараціць колькасць працаўнікоў у амбасадзе ЗША ў Мінску?

Карэн Сцюарт: - Гэта палітычнае рашэнне, якое мы прымалі разам. І мы выбралі менавіта такія меры, каб захаваць функцыянаванні амерыканскай амбасады ў Беларусі.

ЕРБ: - Калі амерыканская амбасада ў Мінску адновіць выдачу віз для беларусаў?

К.С.: - Толькі што спраўдзіла — заўтра адновіць.

ЕРБ: - Гэта для ўсіх беларускіх грамадзян, ці толькі для тэрміновых зваротаў?

К.С.: - Так, усе грамадзяне змогуць як звычайна звяртацца па амерыканскія візы. Адзінае - мы скарацілі колькасць працуючых у Мінску консулаў з двух да аднаго, таму колькасць прынятых заявак за дзень будзе такой, якую зможа апрацаваць адзін чалавек. Мы будзем спрабаваць вярнуцца да нармальнай працы настолькі хутка, наколькі гэта магчыма.