Камандзір батальёна "Данбас": Аўтарам плана "С" будзе ўкраінскі народ
Сямён Сяменчанка пракаментаваў апошнія падзеі на ўсходзе Украіны.
Як вядома, ужо некалькі дзён, у рамках "плана "А" прэзідэнта Пятра Парашэнкі, працягваецца спыненне агню з боку ўкраінскіх сілавікоў. Аднак атакі тэрарыстаў працягваюцца, ёсць забітыя і параненыя. Учора ў Данецку прайшлі перамовы прадстаўнікоў самаабвешчанай "Данецкай народнай рэспублікі", АБСЕ, Расіі і Кіева (на просьбу Парашэнкі туды паехаў экс-прэзідэнт Леанід Кучма). Кіраўнікі ДНР паабяцалі спыніць да 27 чэрвеня агонь.
Камандзір батальёна "Данбас" піша ў Facebook, што "спыненне агню для таго, каб даць час тэрарыстам здаць зброю, плаўна перарастае ў перамовы з тэрарыстамі". Ён крытычна ставіцца да іх удзельнікаў з абодвух бакоў, называе іх прадстаўнікамі "старой Украіны — карумпаванай, неэфектыўнай дзяржавы, якая абараняе інтарэсы маленькай жменькі злодзеяў і нягоднікаў".
Сямён Сяменчанка прагназуе, што ДНР "будуць спрабаваць падымаць да статусу "ваюючага боку", а рэжым спынення агню працягнуць. Камандзір "Данбаса" перакананы, што трэба пераходзіць да "плана "В" — працягу антытэрарыстычнай аперацыі і знішчэння ўсіх тэрарыстаў.
"Інакш усё гэтае зборышча будзе пахаванае планам "С", аўтарам якога будзе ўкраінскі народ. Гэта маё меркаванне, як грамадзяніна Украіны. А як вайсковец я спадзяюся, што Вярхоўны галоўнакамандуючы аддасць загад войску навесці парадак і вымесці з Данбаса ўсіх гэтых паскудаў", — напісаў Сяменчанка.
Нагадаем, што днямі ўкраінскія батальёны "Данбас" і "Азоў" прынялі прысягу і выехалі ва ўсходнія вобласці Украіны.
Фота — УНІАН