Каля Чылі адбыўся магутны землятрус, цунамі пагражае некалькім краінам

Уздоўж усяго ціхаакіянскага ўзбярэжжа Лацінскай Амерыкі абвешчана папярэджанне аб магчымасці цунамі, адзначае ВВС. Па звестках Ціхаакіянскага цэнтра папярэджання аб цунамі, катаклізм пагражае прыбярэжным раёнам Перу, Эквадора, Калумбіі, Панамы, Коста-Рыкі і Нікарагуа.



Ваенна-марскія сілы Чылі паведамілі, што па чылійскім берагах хвалі цунамі вышынёй каля двух метраў ударылі праз 45 хвілін пасля падземных штуршкоў. Ачаг землятрусу размяшчаўся на невялікай глыбіні —  усяго 10 км пад дном акіяна.



Паведамленняў аб пацярпелых пакуль не паступала. Землятрус выклікаў пажары, дарогі месцамі перакрытыя апоўзнямі. Паведамляецца, што штуршкі адчуваліся і ў суседніх краінах — Балівіі ды Перу.



Па звестках агенцтва Reuters, у паўночных прыбярэжных абласцях Чылі пачалася эвакуацыя жыхароў. Улады Перу, баючыся цунамі, таксама абвясцілі эвакуацыю насельніцтва ў паўднёвым рэгіёне Іка.



Фота — АFP