Ірына Дарафеева: “Мае канцэрты павышаюць у механізатараў працаздольнасць"

Спявачка збіраецца даць 30 канцэртаў у полі за два тыдні жніўня і лічыць, што для сялян гэта падзея, якая здараецца раз у жыцці. Як стала вядома Еўрарадыё, цэлыя агітцягнікі супрацоўнікаў ідэалагічных аддзелаў, чыноўнікаў, культмасавых работнікаў і журналістаў афіцыйных СМІ выправіліся з пачаткам жніва ў вандроўкі па палях Беларусі. Чытаюць палітінфармацыю, адзначаюць лепшых ды спяваюць песні.

Агітбрыгады дзеляцца па ўзроўнях: мясцовыя, раённыя, абласныя і, нават, рэспубліканскія. І на ўсіх гэтых імпрэзах механізатары вымушаныя прысутнічаць.

Галоўны спецыяліст ідэалагічнай работы Чачэрскага райвыканкама Алеся Сазонава распавяла Еўрарадыё, што іх агітцягнік ужо паспеў наведаць 10 з 11 гаспадарак раёна. Каб не нерваваць механізатараў, канцэрты і палітінфармацыі даводзілася ладзіць а 7 гадзіне раніцы.

Алеся Сазонава: “Сустракаемся вельмі рана. Бо калі стаіць добрае надвор’е, яны вельмі рана выяжджаюць. А мы ім уручаем ўдзячныя лісты – хто больш намалаціў, хто больш адвёз. Наказы даем”.

Як прызнаецца раённы ідэолаг, механізатараў здзіўляе такая колькасць натхняльнікаў. Амаль штодня падымаць ім настрой прыходзяць мясцовыя кіраўнікі і творчыя калектывы.

Алеся Сазонава: “Кажуць: “Навошта?". Да іх і так ходзіць культура, у іх свае агітбрыгады створаныя. Спяваюць песні. З кіраўніцтвам сустракаюцца кожны дзень”.

Раённы агітцягнік, па словах ідэолага, прыязджае не толькі песні паспяваць ды наказы даваць, але і выслухаць скаргі ды дапамагчы вырашыць людям іх праблемы. Вось толькі праблем, як высвятляецца, на вёсцы няма. Акрамя адной – надвор’я. Гэта адзінае, што непакоіць вяскоўцаў.

Алеся Сазонава
: “Праблем ніякіх няма. Толькі кажуць: “Нам бы надвор’е добрае, каб усё убраць”. Гэта адзіная злабадзённая праблема”.

Ці дапамогуць механізатарам вырашыць іх адзіную праблему пасажыры раённага агітцягніка, невядома. Калі не, у іх будзе магчымасць звярнуцца ў больш высокія інстанцыі, – 1 жніўня ад сталічнага перона скранецца агітцягнік любіміцы ўлады, “Твару Беларусі” Ірыны Дарафеевай. Накіруецца ён таксама ў Гомельскую вобласць. Ад 20 да 30 канцэртаў у палях і на стадыёнах плануюць даць Ірына і група яе суправаджэння цягам двух тыдняў.

Ірына Дарафеева: “Едзе ўся мая каманда, увесь склад музыкаў, бэк-вакалісткі, яны ж салісткі нашага тэатра “Забава”. Едзе Георгі Калдун і Генадзь Санько з намі”.

Графік у спявачкі і яе каманды вельмі напружаны: днём яны даюць канцэрт для механізатараў у полі, а вечарам – на стадыёне ў гарадах. Ірына не лічыць, што такім чынам адрывае людзей ад працы і перашкаджае ім.

Ірына Дарафеева: “Колькі ў іх ёсць часу, столькі яны і атрымліваюць радасці і задавальнення. Таму, што не часта да іх у госьці Ірына Дарафеева заязджае. Здараецца такая падзея раз у жыцці, таму яны вельмі шчаслівыя”.

Дрэннае надвор’е для спявачкі не перашкода. Калі ідзе дождж, канцэрты Ірына Дарафеева дае на зернесховішчах. І пацукі, якіх шмат жыве ў такіх месцах, яе не палохаюць.

Ірына Дарафеева: “Гады трэніровак робяць сваю справу, – мяне ўжо нічым не напалохаеш!”

А на пытанне, ці павышаецца, дзякуючы такім канцэртам, ураджайнасць, упэўніла карэспандэнта, што значна павышаецца працаздольнасць механізатараў.

Ірына Дарафеева: “Думаю, павышаецца працаздольнасць. Канешне, канешне павышаецца!”

Спявачка кажа, што канцэрты ў палях бясплатныя. І толькі у гарадах, каб паслухаць гасцей са сталіцы, трэба набываць квіток. Колькі на гэтым туры яна заробіць, Ірына Дарафеева не прызналася. Сказала, што такія меркантыльныя пытанні яе не хвалююць.