Гледачоў “Ад неба ў паўметры” чакае 5 гадзін этна-музыкі і горад майстроў

Вас навучаць  распісваць гаршчкі, плесці саламяныя лялькі і спяваць беларускія песні Цікавасць да нацыянальных традыцый і іх сучаснага ўвасаблення прыйшла нарэшце ў Беларусь. 5 лістапада ў ДК МАЗ адбудзецца вялікі пяцігадзінны фэст сучаснай этна-музыкі пад назвай “Ад неба ў паўметры”. Яўген Увядзенскі, айцец і арганізатар свята,  падзяліўся з Еўрарадыё “фішкамі” адроджанага фэста.

Некалькі гадоў таму прыхільнікі альтэрнатыўнай музыкі мелі магчымасць патрапіць на фэст “Ад неба ў паўметры”, дзе выступалі гурты Нагуаль, Яр Альтанка, Лояльный Муравей. Галоўная ідэя фэста і тады была тая ж – папулярызацыя сучаснай беларускай этна-музыкі сярод моладзі.

Ідэі і задачы фэсту засталіся, аднак арганізатары вырашылі ўзяцца за справу з імпэтам і па-даросламу. Паводле словаў Яўгена Ўвядзенскага, фестываль павінен ператварыцца ў творчую тусоўку, якая будзе прыцягваць да сябе людзей дзякуючы сваёй рознапланавасці і арыгінальнасці:

Яўген Увядзенскі: "Галоўная задача — папулярызаваць гэтую музыку сярод моладзі, стварыць рух, нейкую цэнтрабежную сілу, якая б прыцягвала да сябе людзей, і дзе б адбывалася нешта цікавае. Я разглядаю гэта перадусім як нейкую тусоўку. Таму гэта будзе бесперапынная пяцігадзінная дзея, падчас якой у фае ДК МАЗ рагрорнецца выстава народных рамёстваў, а таксама сапраўдная майстэрня, на якой майстры будуць на вачах публікі распісваць гаршчкі, плесці нешта з саломкі, рабіць гэта разам з публікай. Мы спадзяемся, што гэты праект будзе іграць нейкую ролю ў жыцці беларусаў і будзе працягвацца".

Кожны гурт, што бярэ ўдзел у фэсце, на думку Яўгена, з’яўляецца тварам беларускай сучаснай музыкі. Больш таго, фэст дае магчымасць пазнаёміць шырокага слухача з незвычайнымі музыкамі:

Яўген Увядзенскі: “Я лічу, што ў нас ёсць багатая музычная культура, змешваючы якую з апошнімі знаходкамі і апошнімі музычнымі тэндэнцыямі, новымі стылямі, можна атрымаць арыгінальны і цікавы прадукт, які можа стаць тварам сучаснай беларускай музыкі. Таму мы ў межах гэтага фэсту паспрабавалі знайсці праекты, якім, магчыма, з-за незвычайнасці іх музыкі не проста знайсці свайго слухача, патрапіць у эфір на радыё, і паказаць іх. Таму на фэсце будуць прадстаўлены самыя розныя калектывы, якія ў асноўным граюць сумесь беларускай этна-музыкі са стылямі сучаснымі”.

Увогуле ідэя фэсту “Ад неба ў паўметры” падобна да ідэі некалі папулярнай дзеі пад назвай “Походный Шелкопряд”, якая пад адным дахам збірала гурты, што гралі незвычайную эксперыментальную музыку. Дзякуючы гэтаму зараз сучасная музыка мае каманды “Серебряная Свадьба”, “Гурзуф”, “Рациональная Диета”.  Нашая публіка, на думку Яўгена, галодная, але капрызная, музыку ёй трэба падаваць маленькімі порцыямі:

Яўген Увядзенскі: “На невядома што — нашая публіка не ідзе. То бок яна не гатовая, не ведаючы нейкага гурта, патраціць цэлы вечар, паехаць на іншы канец горада, і яго слухаць. Гэта канцэрт для людзей, якія, можа, упершыню чуюць усе гэтыя гурты. Лепш, калі будуць не доўгія выступы, але будзе шмат гуртоў. Людзям хочацца нечага новага, ёсць голад. А музычная сцэна крыху адстае альбо не можа прапанаваць таго, што патрэбна людзям”.
 
Менавіта таму арганізатары паспрабавалі стварыць самыя спрыяльныя ўмовы для мінскай публікі, якой толькі трэба прыехаць у ДК МАЗ (ст. метро Аўтазаводская), набыць квіток за 15 тысяч рублёў і назіраць, як кажа Руся, за “веліччу этна-музыкі” ў сучасным выглядзе.

Нягледзячы на тое, што праграма фэсту цалкам складзеная, заяўкі на ўдзел у імпрэзе працягваюць прыходзіць. Яўген Увядзенскі бачыць у гэтым добры знак і не супраць правесці наступны фэст ужо вясною:

Яўген Увядзенскі: Увогуле аказалася, што ў нашай краіне нашмат больш калектываў, чым мы зможам паказаць. Заяўкі на ўдзел у фэсце працягваюць прыходзіць. Людзі граюць настолькі розную і цікавую музыку, што мы нават крыху разгубіліся. Спадзяемся, што фэст пройдзе паспяхова, і вясною мы правядзем яшчэ адзін фэст, які магчыма, будзе двухдзённым, альбо будзе даўжэйшым па часе.

Фэст “Ад неба ў паўметры” распачнецца а 18-й гадзіне, і скончыцца у 23.00

Выступоўцы:

Дзіцячы фальклёрны ансанбль “Святкі”
Ансамбль народнай музыкі і песні “Мінскія Музыкі”
Алег Хаменка
Гуда
Akana-NHS
“Рокаш”
“Унія”
Hoha-band
“Гаротніца”
Energy
“Нагуаль”
“Князь Мышкін”