Ганцавіцкая пракуратура зацікавілася ўдзельнікамі газетнай апытанкі

Асобаў, якія ўдзельнічалі ў апытанцы газеты "Ганцавіцкі час", выклікалі ў пракуратуру. Журналісты пыталіся ў гараджан, ці дастаткова інфармацыі пра выбарчую кампанію ў СМІ. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў намеснік галоўнага рэдактара газеты Пятро Гузаеўскі.  Па яго словах, карэспандэнту газеты адна з апытаных паведаміла 17 лістапада, што яе выклікалі ў Ганцавіцкую раённую пракуратуру. Там у жанчыны пацікавіліся, ці сапраўды яна казала тое, што напісана ў газеце. Пракурорскія работнікі патлумачылі, што яны проста цікавяцца, ці сапраўды яна давала такі каментар.

Як кажа Гузаеўскі, у пракуратуры бачылі і яшчэ аднаго з удзельнікаў апытанкі. Журналіст распавёў, што раённы пракурор даў яму "незразумелы адказ" па гэтай справе:

Гузаеўскі: "Мяне зацікавіла гэта: на якой падставе і што тут адбываецца? І я паехаў да раённага пракурора Сяргея Дзяшко. І запытаўся, на якой падставе выклікалі: ці ёсць нейкая справа ці скарга? Ён адказаў: мы проста апытваем, казалі яны гэта ці не. Адказ для мяне незразумелы".

Раённы пракурор Сяргей Дзяшко ад каментароў Еўрарадыё адмовіўся.