Ганцаўчанін, які працуе ў Расіі, схаваў свой заробак у цягніку і забыўся

Жыхар Ганцавічаў, які працуе ў Расіі, вёз свой заробак дадому. Баючыся, што грошы, а гэта 1,5 тысячы долараў, скрадуць, ён схаваў іх пад дыванком у купэ цягніка. Выходзячы ў Баранавічах, ён забыўся пра грошы. Калі ўзгадаў, цягнік ужо з’ехаў. Звяртацца ў міліцыю ён не стаў, вырашыўшы пачакаць, калі цягнік будзе ехаць назад.

Аднак, калі на наступны дзень мужчына прыехаў на вакзал, высветлілася, што яго цягнік ужо даўно прайшоў. У міліцыю ён звярнуўся толькі праз дзень, калі цягнік быў на тэрыторыі Расіі. Праваахоўнікі суседняй дзяржавы грошы пад дыванком не знайшлі.

Нагадаем, нядаўна жыхар Брэстчыны, які таксама вёз свой заробак з Расіі, схаваў грошы ў сметнік у вагоне. На беларускай тэрыторыі ён заўважыў, што грошай няма. Іх разам са смеццем выкінулі яшчэ на тэрыторыі Расіі. Тады расійскія міліцыянты таксама нічога не знайшлі.

Алесь Літоўчык, Еўрарадыё, Ганцавічы