Футбольны клуб БАТЭ дараваў фанатам 10 мільёнаў рублёў

Барысаўская каманда адсудзіла ў сваіх фанатаў 10 мільёнаў рублёў за хуліганства ў Бухарэсце, але прабачыла іх і грошы не ўзяла
Футбольны клуб БАТЭ вырашыў прабачыць сваіх фанатаў і дараваць ім 10 мільёнаў рублёў. Нагадаем, напрыканцы матчу Сцяўа – БАТЭ, які праходзіў у Бухарэсце ў жніўні мінулага года, барысаўскія фанаты запалілі чатыры фаеры, кінулі на поле дзве ракетніцы і падарвалі дымавую шашку.

За гэта кантрольна-дысцыплінарны камітэт Еўрапейскага саюза футбольных асацыяцый аштрафаваў беларускі клуб на 7 тысяч долараў. У адказ клуб вырашыў спагнаць гэтыя грошы з фанатаў і падаў у суд.

Барысаўскі раённы суд абавязаў чацвярых аматараў футбола выплаціць на карысць каманды 10 мільёнаў рублёў. Як распавёў Еўрарадыё юрыст ФК БАТЭ Юрый Калантай, фанатам давялося заплаціць толькі дзяржпошліну ў судзе.

“Па справе праходзілі чатыры чалавекі. Адзін з іх непаўналетні. З улікам таго, што фанаты раскаяліся ў зробленым, клуб прыняў рашэнне дараваць ім. Аднак выканаўчыя лісты на іх у нас застаюцца. Гэта значыць, што ў любы момант на працягу трох гадоў мы можам выканаўчыя лісты вярнуць у суд на спагнанне гэтых грошай”.

Фота — bymedia.net