Фільм "Сетка" наўрад ці пасварыць Беларусь з Нямеччынай — эксперты

Першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі называе тэлесюжэт БТ пра "нямецкіх шпіёнаў" вельмі няўцямным. З другога боку, ён перакананы, што фільм "Сетка" ніяк не паўплывае на беларуска-нямецкія стасункі: Садоўскі: Проста ніяк — я ў гэтым упэўнены. Ёсць базавыя адносіны да Беларусі, якія сфармуляваны Еўрасаюзам. А гэта нейкія невялічкія нюансы, я вам скажу... Нямеччына, у адрозненне ад Польшчы, Чэхіі, Літвы, — яна вельмі карэктная.

Разам з тым эксперт зазначыў, што яму цяжка каментаваць фільм, бо ён нічога не ведае пра факты, агучаныя ў тэлеэфіры. Не ведае ён і паказанага ў фільме Г.Бедункевіча, які нібыта распавядаў нямецкім спецслужбам беларускія вайсковыя сакрэты.

Супрацоўнік аднаго з нямецкіх фондаў, якія працуюць у Беларусі, канстатаваў, што фільм "Сетка" — гэта звычайная практыка БТ напярэдадні выбараў. Разам з тым ён адзначыў, што фільм быў менш агрэсіўны, чым першая частка:

Супрацоўнік фонду: Калі гаворка ідзе пра Еўрасаюз і, у прыватнасці, Нямеччыну Беларускае тэлебачанне выказваецца вельмі асцярожна ў адрозненне ад выказванняў пра Злучаныя Штаты, іх арганізацыі і асобы, якія кіруюць гэтымі арганізацыямі.

На думку эксперта, гэта сведчыць, што Беларусь па-ранейшаму разлічвае на больш шчыльнае супрацоўніцтва з Еўрасаюзам і лічыць яго больш адэкватным партнёрам, чым Амерыку.