Еўрарадыё знайшло курылку ў будынку Міністэрства… аховы здароўя
Там зараз выступаюць за пашырэнне месцаў, дзе курэнне будзе забароненае.
Цяпер у Мінску нельга паліць на прыпынках, на тэрыторыі навучальных і медустаноў, а таксама ў парках і скверах. Кіруюся на плошчу Незалежнасці — тут таксама паліць забаронена. Першага ж чалавека з цыгарэтай сустракаю на прыступках Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама. Парушальнік Яўген кажа, што забарона курыць у грамадскіх месцах — гэта… цудоўна!
“Вельмі добра, бо сам курыльшчык атрымае магчымасць кінуць. Забароняць — будзе магчымасць кінуць. Дома мне нельга паліць — вось я і не палю. А так будзе меней магчымасцяў”.
Пытаюся, ці ведае Яўген, што на плошчы Незалежнасці паліць год як забаронена.
“Забарона? Дык трэба пайсці кінуць!” — здзіўляецца Яўген.
Кіроўца Прэзідэнцкай бібліятэкі Анатоль дыміць болей за 15 гадоў. Пра штраф у 400 тысяч рублёў ведае, але ні разу яго не атрымліваў:
“Ну, я ж у машыне. Гэта быццам бы мой “кабінет"!” — смяецца Анатоль і кажа, што рэзка забараняць паліць у грамадскіх месцах нельга.
“Трэба, каб чалавек сам паступова кідаў. Я спачатку паліў такія тоўстыя цыгарэты, а цяпер тоненькія. Мне гэткай пачкі на тыдзень хапае, а то і на два. Я быў кінуў, а потым зноў пачаў. Але я ў жаночым калектыве працую, таму лепей не паліць”, — Анатоль дадае, што супрацоўніцы Прэзідэнцкай бібліятэкі не паляць. А ў яго такая звычка ўжо 15 гадоў — пачаў пасля смерці брата:
“Я ехаў, і таксіст падсунуў "Беламор", у мяне камяк у горле адразу прайшоў. А так я не стараюся, у выходныя не палю, дома на лесвічнай пляцоўцы таксама. У нядзелю і суботу — жалезна не палю”.
Са здзіўленнем заўважаю, што амаль усе апытаныя курцы салідарныя з забаронай.
“Вось і ў рэстаранах часта паляць. Людзі прыходзяць адпачыць, а напалена, гэта вельмі перашкаджае. У мяне проста хлопец не паліць, таму ён мне ўвесь мозг ужо выкалупаў. Я за тое, каб была забарона ў грамадскіх месцах”, — кажа студэнтка Педагагічнага ўніверсітэта Крысціна.
Яе сяброўка Валянціна дадае, што пачала курыць “па дурасці”, а зараз іспыты, нервы “ды і простае нежаданне пакуль кідаць шкодную звычку”. Валянціна прапаноўвае абсталяваць месцы для курэння ў нябачных месцах:
“Каб заныкацца можна было і каб сметніцы жалезныя былі, каб нічога там не спаліць”.
“Я супраць забароны курэння ў грамадскіх месцах. Трэба абараняць правы курцоў!” — нечакана выдае студэнтка Галіна, што сядзіць насупраць універсітэта. Дзяўчына не курыць!
Расіяне з Томска Рэнат і Аляксандр пра тое, што на плошчы Незалежнасці курыць забаронена, не ведаюць. Тут жа паслухмяна кідаюць цыгарэты.
“Я разумею, чаму забараняюць, — нечакана кажа Рэнат. — Не хочацца, каб аблічча дзяржавы сапсаваўся людзьмі, якія кураць”.
Кіруюся ў Міністэрства аховы здароўя — мо там не кураць?! У будынку ўстановы і ля ўвахода, на дзвярах прыбіральняў і проста на лесвічных пляцоўках налічваю з дзясятак знакаў “Курэнне забаронена”.
У туалетах не накурана! Але па паху беспамылкова знаходжу "курылку" на тэхнічным паверсе. Тут нікога, але па свежых недакурках прысутнасць людзей бачная. Спадзяюся, дыміць не Міністэрства аховы здароўя. У гэтым жа будынку яшчэ ж тры міністэрствы.