Джудзі Дэнч атрымае ўзнагароду за ўнёсак у мастацтва

Брытанская тэатральная і кінаактрыса Джудзі Дэнч названая лаўрэатам прэміі еўрапейскай кінаакадэміі.  Узнагароду за ўнёсак у мастацтва яна атрымае на цырымоніі ў Капенгагене 6 снежня 2008 году.

Агенцтва France Presse нагадвае, што міжнародную славу Джудзі Дэнч, якая ўжо была вядомай тэатральнай актрысай, прынеслі ролі ў фільмах "Місіс Браўн" (1997), "Шакалад" (2000) і "Айрыс" (2001).

Акрамя таго, гледачы палюбілі яе персанажа "М" у карцінах пра Джэймса Бонда. Таксама Дэнч атрымала прэмію "Оскар" за лепшую жаночую ролю другога плану ў карціне "Закаханы Шэкспір" (1998).

Акрамя Дэнч у 2008 годзе ганаровыя прэміі атрымаюць дацкія кінематаграфісты, якія стварылі ў 1995 годзе маніфест новага кіно "Догма": Ларс фон Трыер, Сэрэн Краг-Якабсэн, Крысціян Леврынг і Томас Вінтэрберг.

Фота: www.screenrush.co.uk