Частка пятая. Кубінская турма

Оскар Марыё адсядзеў у турме паўтара года за публікацыі на сайце www.cubanet.org. Прычым асуджаны ён так і не быў, а толькі затрыманы. Трэцюю частку тэрміну ён прабыў у "абязьянніку", у якім звычайна ніхто не затрымліваецца больш за 2-3 дні. Туды нельга праносіць нічога: ні вопраткі, ні мыла, ні кніг. У падвале, дзе няма ні святла, ні вокнаў, ніколі не ведаеш: дзень на дварэ ці ноч, Оскару Марыё давялося прабыць паўгады.


Спаць даводзілася на падлозе, дзе бегалі пацукі з прусакамі. Коўдру выдавалі з 22 гадзінаў да 5 раніцы.

Пасля яго цягалі па розных турмах. Пэўны час, напрыклад, Оскар Марыё быў у камеры на 80 чалавек. Аднак там было больш за 100 асуджаных. Ложкаў, вядома, хапала не на ўсіх.

Сустракацца з сям'ёй можна было раз на тыдзень па 10-15 хвілін. І пра ўмовы ўтрымання не дазвалялася расказваць. Кіраўніцтва турмы часта рабіла наступнае: Оскару Марыё казала, што спатканне ў панядзелак, а ёй - што ў сераду. Вядома ж, спаткання не адбывалася. Для яго гэта была пакута – жонка не прыйшла. А яна думала, што не прыйшоў ён.

Суд на Оскарам Марыё так і не адбыўся. Яго адпусцілі. Аднак здароўе журналіст сапсаваў канчаткова. Ён зарабіў сабе дыябет, алергію, гіпертанію, з'явіліся праблемы з ныркамі і страўнікам.

“Цяпер я больш асцярожны, - кажа Оскар Марыё. - Калі тады я вытрымаў у турме паўтара года, цяпер не вытрымаю і дзесяці дзён”.

У 1958 годзе на Кубе было 10-12 турмаў і каля 12 тысяч вязняў. Сёння па ўсім востраве больш за 200 турмаў і мільёны зняволеных. Між іншым, самы доўгі ў свеце тэрмін па палітычных матывах атрымаў кубінец – 30 год.

Калі Оскар Марыё даведаўся, што я з Беларусі, адразу ж стаў размаўляць са мной па-руску. Аказалася, што ён вучыўся ў палітэхнічным універсітэце ў Краснадары. У дыпломе Оскара Марыё толькі адно "выдатна" - за марксісцка-ленінісцкае вучэнне.

Ён і праўда верыў у рэвалюцыю, расказвае журналіст. Але зараз ён ведае нашмат больш. Ён пажыў у трох краінах, і ведае, што значыць кубінскі сацыялізм.

Оскар Марыё: “Я думаў, што камунізм – гэта нічога, нядрэнна. А потым пабачыў, што камунізм – гэта дыктатура. Зараз працую як незалежны журналіст. Я быў у турме год і чатыры месяцы. Проста дыктатура Фідэля не дазваляе, каб мы працавалі”.

“Я не надта рэлігійны чалавек, - кажа Оскар Марыё. – Але часам мне здаецца, што на Кубе ляжыць праклён”.

Ягоная дачка Алена (ад першай жонкі з Расіі) цяпер жыве ў Швецыі. Займае там высокую пасаду. Яе сыну і яго ўнуку 15 год. Ён вучыцца ў школе для таленавітых. Не так даўно яны прыязджалі да дзядулі на Кубу. Оскар Марыё таксама быў у іх у Швецыі ў 1998 годзе. Тады ён яшчэ не быў такім вядомым журналістам. У 2004 годзе ён атрымаў шэнгенскую візу, купіў падарункі дачцы і ўнуку, але за тыдзень да паездкі ў Швецыю ўлады анулявалі выдадзеную візу.


Пры нас на маленькім шматку паперкі Оскар Марыё напісаў запіску сваёй дачцэ і перадаў Сары. Там было толькі прывітанне і словы пра тое, што мы яму спадабаліся.



Працяг будзе...