Чаргінец будзе сачыць, каб Элтан Джон не замахнуўся на нашу маральнасць

Грамадская камісія па маральнасці параіла арганізатарам канцэрта Элтана Джона ўважліва паставіцца да праграмы, з якой спявак плануе выступіць у “Мінск-арэне”. Што выклікала занепакоенасць “маральнай камісіі”, Еўрарадыё расказаў яе старшыня Мікалай Чаргінец.
Чаргінец: “У Мінску назіраецца тэндэнцыя такая, што гей-парад спрабавалі арганізаваць, а потым зрабілі нейкае зборышча. То гэты – кажуць жа там таксама геі альбо "блакітныя", так? Праўда, калі гатовыя арганізатары стаць аб’ектамі гэтых дамагацеляў, то можна іх зразумець”.

У той жа час Чаргінец настойвае, што яны не маюць нічога супраць самога Элтана Джона, яго сэксуальнай арыентацыі і не ставяць за мэту проста забараніць канцэрт.

Чаргінец: “Калі нармальны канцэрт, то ён будзе вітацца заўжды. І нашай камісіяй, і грамадскасцю. Але калі паўстане пытанне аб парушэнні патрабаванняў элементарнай маралі, аб дзеяннях, накіраваных на разбэшчванне дзяцей, на знявагу грамадскасці, то, безумоўна, мы будзем пратэставаць. Мы не пратэстуем супраць канцэрту. Мы проста звяртаем увагу арганізатараў, каб яны ўважліва разабраліся з праграмай. І ўсё! У гэтым плане. А хто ён… Мы ж не можам яго перарабіць і паставіць яго на сцэне “Мінск-арэны” ў іншай якасці. Мы ж не слесары-гінеколагі”.

Па яго словах, сябры камісіі спецыяльна не адсочваюць гастрольную афішу Мінску, не глядзяць – хто прыязджае і якая ў госця сэксуальная ці іншая арыентацыя, а толькі рэагуюць на звароты грамадзян. Чаргінец кажа, што ім з нагоды канцэрту званілі каля 10 чалавек і выказвалі занепакоенасць тым, што Элтан Джон можа паспрабаваць замахнуцца на маральнасць беларусаў.