БТ працягне паказваць “Акно ў Еўропу”

Пра гэта паведаміла ў размове з Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская.

Смалонская-Краскоўская: “Творчая група, якая працуе над праектам “Акно ў Еўропу”, працягвае працаваць у звычайным рэжыме. Мы працуем у адпаведнасці з дамовай, і ніякій афіцыйных пісьмовых, вусных ці тэлефонных паведамленняў аб прыпыненні нашых дамоўленасцяў да нас не прыходзіла”.

Нагадаем, раней Павераны ў справах дэлегацыі Еўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Хальцапфель паведаміў Еўрарадыё, што фінансаванне гэтага праекту можа апынуцца пад пытаннем.

Дарэчы, першасная мэта праекту — задаволіць цікавасць і патрэбу ў інфармацыі аб адносінах паміж Еўрасаюзам і ўсходнімі суседзямі.

Наступным разам “Акно ў Еўропу” выйдзе ў эфіры БТ у панядзелак 31 студзеня. У гэты ж дзень міністры замежных спраў ЕС збіраюцца абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі. На БТ не кажуць, якія сюжэты будуць у панядзелкавым выпуску.