БФШ: Беларусь сама адмовілася ад шахматнай Алімпіяды 2022 года
Беларусь сама вырашыла адмовіцца ад правядзення шахматнай Алімпіяды 2022 года.
Адпаведнае рашэнне, кажуць у Беларускай федэрацыі шахмат, прыняў урад Беларусі. Цяпер ідуць перамовы з ФІДЭ па ўрэгуляванні сітуацыі.
"Дакументы яшчэ не падпісаныя — самае галоўнае мерапрыемства, генеральная Асамблея ФІДЭ, адбудзецца ў снежні. На гэтым пасяджэнні будзе прынята канчатковае рашэнне па гэтым пытанні, таму што гэта беспрэцэдэнтны выпадак. Гэта ўпершыню ў гісторыі, калі краіна адмаўляецца ад правядзення такога значнага мерапрыемства", — цытуе sputnik.by словы старшыні Беларускай федэрацыі шахмат Анастасіі Сарокінай.
Прычынай такога рашэння яна назвала складаную эканамічную і эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне і ў свеце ў цэлым.
Раней стала вядома, што Беларусь засталася без шахматнай Алімпіяды. Прычынай называліся фінансавыя праблемы. Кіраўнік ФІДЭ Аркадзь Дварковіч заявіў, што яшчэ да выбараў беларускі бок паведаміў, што не можа арганізаваць Алімпіяду.
За адмову прыняць турнір краіна абавязаная выплаціць штраф. Беларускія перамоўшчыкі разлічваюць мінімізаваць гэтыя выплаты, не даводзячы справу да суда. Сумы не называюцца.
"Гэта канфідэнцыйная інфармацыя, і я не магу выдаваць сумы, але ў прынцыпе гэта могуць быць сумы і з шасцю нулямі, што для краіны ў дадзенай сітуацыі будзе балюча", — кажа Сарокіна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.