Беларусы будуць дыхаць паленымі шынамі

Так урад выконвае планы па энергазберажэнні.
Неўзабаве беларуская прамысловаць пяройдзе на спажыванне вугля і старых аўтамабільных шын. Наконт вяртання да вугальнай энергетыкі выказаўся першы віцэ-прэм’ер урада Беларусі Уладзімір Сямашка. Згодна з яго словамі, у краіне будуць пабудаваныя две вугальныя электрастанцыі. А цэментныя заводы будуць працаваць на старых аўтамабільных шынах.
Наколькі новае паліва дапаможа заводам выконваць планы па энергазберажэнні, карэспандэнт “Еўрарадыё” высвятляў на адным з іх.

Дырэктар прадпрыемства “Крычаўцэментнашыфер” Мікалай Дудыка сёння заклапочаны іншым – на заводзе будуюць лінію новага спосабу вытворчасці цэменту. На гэтай лініі, кажа дырэктар, будзе прагугледжана магчымасць працы ад энергіі спаленых шынаў. Але толькі часткова.

Мікалай Дудыка: “Справа ў тым, што іх не хопіць нават на адзін завод. А дзе на тры збіраць? Па свеце? Дый не зможа завод працаваць толькі на шынах. Толькі як частковая кампенсацыя вугля, нафты альбо газу. Шыны складуць адсоткаў 10, не больш. Інакш там хімія не вяжацца”.

Дырэктара цэментнага заводу хімія цікавіць толькі з пункту гледжання перашкоды тэхналагічнаму працэсу вытворчасці. Цэмент не будзе адпавядаць патрабаванням стандарту. Шкоды навакольнаму асяроддзю Мікалай Дудыка ад такога сродка здабычы энергіі не бачыць.

Мікалай Дудыка: “Ва ўсім свеце паляць, чаму ў нас нельга? Проста ставяць сучасныя ачышчальныя прыстасаванні, фільтры, якія ловяць усе шкодныя выкіды. Ды іх там і не будзе – яны ўсе будуць паглынацца”.

Што тычыцца эфектыўнасці метаду спальвання шын для павялічэнні энергазберагальнасці, то дырэктар цэментнага заводу лічыць яе невялікай.

Мікалай Дудыка: “Канешне, будзе эфект. Невялікі, але будзе”.

Эколага Андрэя Ганчарова з грамадскага аб’яднання “Экадом” пераход з газу на вугаль ды шыны цікавіць у першую чаргу з пункту гледжання экалагічнай бяспекі.

Андрэй Ганчароў: “Як эколаг я супраць выкарыстоўвання вугля. Хаця, з іншага боку, гэта лепш, чым атамная энергія. Пры яго спальванні выдзяляецца шмат так званых цвёрдых забруджвальнікаў — сажы. А яна вельмі шкодна ўплывае на экалогію”.

Яшчэ больш занепакоенасці выклікаюць у эколага планы паліць аўтамабільныя шыны.

Андрэй Ганчароў: “Вугаль — вядома з чаго складаецца і што з яго выдзяляецца. А шыны… Кожны вытворца мае свае рэцептуры, і што яны туды дадаюць — не вядома. Груба кажучы, можа, яны туды уран дадаюць для большай канкурэнтаздольнасці”.

Андрэй Ганчароў сцвярджае, што ні паліць, не скідваць на сметнікі шыны нельга.

Андрэй Ганчароў: “Лепш за ўсё іх перапрацоўваць і нанава рабіць гуму. Будуць яны валяцца, ці будуць іх паліць – ні адно, ні другое не з’яўляецца экалагічна чыстым. Ёсць тэхналогіі па перапрацоўцы, якія можна выкарыстоўваць”.

Катэгарычна супраць спальвання як вугля, так і шын Марына Каравай з экалагічнай групы “Фонд рэалізацыі ідэй”.

Марына Каравай: “Спальванне вугля з’яўляецца сродкам выкіду ртуці. Акрамя таго, гэты працэс уплывае на змяненне клімату. Калі казаць пра спальванне шынаў, гэта таксама вельмі шкодна, бо ідуць выкіды дыяксінаў і іншых шкодных арганічных забруджвальнікаў”.

Па словах Марыны Каравай, ва ўсім свеце адмовіліся ад практыкі спальвання шын і накіроўваюць іх выключна на перапрацоўку. Яна кажа, што шкодныя выкіды ад іх спальвання злавіць фільтрамі немагчыма.

Марына Каравай: “Не існуе ніякіх фільтраў, якія маглі б кантраляваць гэты працэс. Такія рэчывы, як дыяксіны, вельмі цяжка ўлавіць”.

ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ

Дыяксіны — цвёрдыя бескаляровыя крышталічныя рэчывы.
Ствараюцца ў выніку вытворчых працэсаў цэлюлозна-папяровай, дрэваапрацоўчай і металургічнай прамысловасці, а таксама падчас спальвання муніцыпальных і прамысловых адкідаў смецця. Дыяксіны — адна з самых распаўсюджаных тэхнагенных атрут.
У прыродзе дыяксіны хутка ўсмоктваюцца раслінамі, збіраюцца глебай ды іншымі матэрыяламі, дзе практычна не змяняюцца пад уплывам фізічных, хімічных і біялагічных фактараў.