Беларуску ў Нігерыі вызваліў мясцовы КДБ

Нігерыйскія газеты паведамляюць некаторыя падрабязнасці аперацыі па вызваленні беларускі Ірыны Экпа-Ума.
Нігерыйская газета THISDAY адзначае, што як і ў большасці падобных выпадках скрадання людзей, Агенства па нацыянальнай бяспецы штата ўзначальвала аперацыю па вызваленню беларускай грамадзянкі.

Бандыты патрабавалі за вызваленне жанчыны 1,2 млн. долараў. І нават зараз, пасля яе паспяховага вызвалення невядома, ці заплацілі за яе выкуп.

Хаця дырэктар Агенства па нацыянальнай бяспецы адмовіўся як-небудзь каментаваць вызваленне спадарыні Экпа нігерыйскай прэсе, камісар паліцыі штата спадар Фелікс Акбаўду пацвердзіў вызваленне беларускай грамадзянкі. Ён паведаміў, што Ірына проста вярнулася з палону, не прыводзячы ніякіх падрабязнасцей яе вызвалення.

“Я не быў у горадзе, я толькі ўчора вярнуўся з Абуджы (сталіца Нігерыі), але нашы супрацоўнікі праінфармавалі мяне пра вызваленне спадарыні Экпа. Яна была вызвалена нашым Агенствам, таму я прапанаваў бы звярнуцца па дэталі аб вызваленні да дырэктара Агенства па нацыянальнай бяспецы”, - расказаў журналістам камісар паліцыі горада Рывер Стайт.